Сустрэча з Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на больш глыбокую ўключанасць царквы ў сацыяльныя працэсы. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 22 верасня ў час сустрэчы з Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што БПЦ займае вядучае месца ў жыцці краіны, аднак ёсць і іншыя канфесіі. "Вельмі важна, каб праваслаўная царква прадоўжыла садзейнічаць умацаванню міжканфесійнай згоды ў Беларусі, дэманструючы ўзор цывілізаваных адносін, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мы заўсёды мірна існавалі дзякуючы разумнай, узважанай палітыцы дзяржавы і праваслаўнай царквы адносна католікаў і іншых вернікаў. Мая пазіцыя адназначная: нам дзяліць у гэтым свеце няма чаго. Вы як магутная, буйная канфесія павінны іншых паважаць і падтрымліваць".

Значным напрамкам дзейнасці царквы з'яўляецца выхаванне падрастаючага пакалення і прыцягненне яго да ўдзелу ў розных сацыяльных праектах. "У краіне створаны цудоўныя ўмовы для вучобы і працы, вядзецца работа па падтрымцы таленавітай моладзі. Аднак перад грамадствам рэгулярна ўзнікаюць новыя задачы, у вырашэнні якіх неабходны больш актыўны ўдзел царквы. Не скажу, што дзяржава і свяшчэннаслужыцелі мала робяць, але трэба знайсці той далікатны падыход, які ўласцівы царкве ў гэтым працэсе, - упэўнены беларускі лідар. - Яна павінна мець ініцыятыўныя, адукаваныя і высокамаральныя кадры. Таму дзяржава аказвае і будзе аказваць усямерную падтрымку духоўным школам БПЦ у падрыхтоўцы свяшчэннаслужыцеляў. Так, як і іншым цэрквам. Іншыя канфесіі павінны ўзяць прыклад з праваслаўнай царквы і рыхтаваць свяшчэннаслужыцеляў з грамадзян Беларусі. Тут павінны служыць беларусы, няхай замежныя грамадзяне і бязмежна адданы нашаму народу і дзяржаве. З першых дзён свайго прэзідэнцтва я праводжу гэту лінію, перш за ўсё адносна католікаў. І зрухі значныя: вельмі шмат прыйшло свяшчэннаслужыцеляў-беларусаў у каталіцкую царкву".

Было выказана меркаванне, што неабходна актывізаваць работу грамадскага кансультатыўнага савета па маральнасці, які садзейнічаў бы выхаванню моладзі. Прэзідэнт падтрымаў гэту прапанову, адзначыўшы, што ў яго неабходна запрасіць зацікаўленыя структуры, свецкіх асоб і саму моладзь.

Яшчэ адной тэмай шчырай і працяглай размовы, у час якой бакі дамовіліся не рэтушаваць і не ўтойваць праблемы, а вырашаць іх, стала ўзаемадзеянне епархій і мясцовых органаў улады. Было адзначана, што ім неабходна нарошчваць і ўмацоўваць супрацоўніцтва, каб яно стала яшчэ больш канструктыўным і эфектыўным.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што царква заўсёды натхняла дойлідаў на стварэнне архітэктурных шэдэўраў. "Многія храмы ў Беларусі з'яўляюцца помнікамі гісторыі і культуры, і сёння гэтыя збудаванні маюць патрэбу ў асаблівай увазе. На працягу многіх гадоў дзяржава рэгулярна аказвае і будзе аказваць пасільную дапамогу ў іх аднаўленні. Разам з тым у свяшчэннаслужыцеляў ёсць магчымасць на сваім узроўні звярнуцца да людзей, не толькі да дзяржавы, з заклікам аб удзеле ў адраджэнні страчанага: тады цаніць больш будуць", - сказаў Прэзідэнт.

На сустрэчы было адзначана, што ўжо доўгі час ідзе рэканструкцыя Жыровіцкага манастыра, які з'яўляецца адной з візітных картак Беларусі. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што завяршыць аднаўленчыя работы неабходна ў самыя кароткія тэрміны.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што асновы праваслаўнай царквы - справядлівасць і чалавекалюбства - натхнялі людзей на подзвіг і дапамагалі з годнасцю перажываць самыя цяжкія часы. "У аснову сваёй палітыкі я паклаў менавіта гэтыя каштоўнасці - справядлівасць і любоў да людзей", - заявіў беларускі лідар.

Было адзначана, што, прадаўжаючы ўмацоўваць дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі, важна абапірацца на царкву. "Асабліва падкрэслю канструктыўную пазіцыю духавенства адносна сучасных палітычных падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне. Гэта чарговы раз даказвае вашу зацікаўленасць у беларускай дзяржаве, якая дынамічна развіваецца", - упэўнены Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў царкве за тую працу, якую яна прыўносіць у агульную скарбонку развіцця Беларусі і грамадства, і выказаў упэўненасць, што далейшая сумесная работа будзе па-ранейшаму мець стваральны характар і дасць магчымасць скаардынаваць намаганні па ўмацаванні грамадства і яго духоўным узбагачэнні. "Царква - гэта не грамадска-палітычная пляцоўка, а асаблівая сіла. Магутная, стваральная сіла", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

На здымку: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, Мітрапаліт Філарэт, Пачэсны Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі