Сустрэча з саветнікам Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джонам Болтанам

  • 6

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў саветніку Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джону Болтану шчыра і па-сяброўску абмеркаваць пытанні беларуска-амерыканскіх адносін 29 жніўня ў час сустрэчы ў Палацы Незалежнасці.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў бакоў ужо ёсць пэўная гісторыя перазагрузкі двухбаковых адносін.

"Я прапанаваў бы абмеркаваць шчыра, нават па-сяброўску ўсе пытанні нашых адносін. Няхай яны будуць непрыемнымі для Беларусі, але Вы павінны іх абазначыць. Я таксама адкрыта і сумленна абазначу тыя пытанні, якія лічу патрэбным абазначыць перад Вамі для далейшага нашага супрацоўніцтва, у тым ліку якія, можа, не вельмі прыемныя будуць для ЗША. Гэта дасць магчымасць стварыць нам тую базу адносін на будучыню, якая павінна быць паміж намі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Нягледзячы на ўсю шуміху, якая адбываецца вакол Вашай паездкі, тут шмат станоўчага, асабліва для Беларусі. Станоўчае заключаецца ў тым, і нас ніхто ў гэтым не папракне (і Вы, напэўна, ведаеце аб гэтым), што мы пастаянна з моманту пагаршэння нашых адносін з ЗША прапаноўвалі закрыць гэту нядобрую старонку і пачаць з новага ліста нашы адносіны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што візіт Джона Болтана ў Беларусь з'яўляецца гістарычным: "Такіх значных высокапастаўленых фігур (з ЗША. - Заўвага) у Беларусі не было даўно. І ў гэтым таксама гістарычнасць гэтага візіту".

Акрамя таго, да цяперашняга візіту ў Беларусі пабывалі многія эксперты і спецыялісты з ЗША. "Я асабіста з імі сустракаўся, вёў размовы на розныя тэмы нашых узаемаадносін. І гэта сведчыць аб тым, што ў нас ёсць некаторая гісторыя перазагрузкі адносін", - адзначыў беларускі лідар.

У час сустрэчы саветнік Прэзідэнта ЗША назваў тэмы, якія хацеў бы абмеркаваць у час свайго візіту. "Лічу, гэта вельмі добрая магчымасць правесці размову па некалькіх вельмі важных тэмах - рэгіянальнай бяспецы, двухбаковага супрацоўніцтва, - сказаў ён. - Ёсць некалькі пытанняў, якія вельмі цікавяць ЗША: правы чалавека, нераспаўсюджванне зброі. Я згодны з вамі, што мы павінны быць максімальна адкрытыя па гэтых тэмах. Думаю, мы зможам знайсці агульную мову".

Джон Болтан таксама адзначыў важныя змяненні, што адбыліся ў адносінах паміж Беларуссю і ЗША. "Гісторыя не стаіць на месцы. Ужо мінула даволі шмат часу з распаду Савецкага Саюза, геапалітычная сітуацыя змянілася. Яна змяняецца нават у час нашай размовы. Таму ёсць рэгіянальныя пытанні, ёсць пытанні, звязаныя з краінамі, якія геаграфічна знаходзяцца далёка адсюль, але яны таксама ўплываюць на сітуацыю тут. Гэта мы таксама хацелі б абмеркаваць з Вамі", - растлумачыў ён.

У цэлым замест запланаваных 45 хвілін Аляксандр Лукашэнка і Джон Болтан размаўлялі больш за дзве з паловай гадзіны. Пасля заканчэння перагавораў у пашыраным складзе яны перайшлі ў рабочы кабінет беларускага Прэзідэнта, дзе сам-насам гаварылі больш як паўгадзіны.

Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы папрасіў Джона Болтана перадаць падарункі для амерыканскай прэзідэнцкай пары. Дональду Трампу Кіраўнік беларускай дзяржавы перадаў корцік. У якасці падарунка для Меланіі Трамп былі выбраны вырабы з беларускага лёну - абрус з сурвэткамі. У ліку падарункаў самому Джону Болтану - прадукцыя пад брэндам "Прэзідэнт": шакаладныя ласункі без цукру ў саставе, уключаючы эксклюзіўны набор шакаладу, створаны да II Еўрапейскіх гульняў, і традыцыйны спіртны напітак - гарэлка.