Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з сакратаром Цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны Чжаа Лэцзі

20 верасня 2018 года
Для Беларусі важна далейшае паглыбленне ўзаемадзеяння з Кітаем. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 верасня на сустрэчы з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро Цэнтральнага камітэта Кампартыі Кітая, сакратаром Цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны Чжаа Лэцзі.

"Шчыра рады вітаць Вас на гасціннай беларускай зямлі. Вы ў Беларусі ўпершыню. Асабліва прыемна, што менавіта ў нашу краіну Вы ажыццяўляеце першы візіт пасля выбрання дзеючага складу кіраўніцтва Кампартыі Кітая", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Карыстаючыся выпадкам, ён асабіста павіншаваў Чжаа Лэцзі з назначэннем на такія высокія і адказныя партыйныя пасады - члена Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК і сакратара Цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць таго, што ў чэрвені гэтага года ў горадзе Цындаа ў час саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ён сустракаўся са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, дзе яны сумесна аб'явілі аб уступленні ў новы этап беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. "Беларусь і Кітай, як прынята сёння гаварыць, сталі "жалезнымі братамі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ў маі ў Мінску прымалі намесніка Старшыні КНР Ван Цішаня. "Рады, што бесперапынны дыялог на найвышэйшым узроўні прадаўжаецца, захоўваючы глыбіню двухбаковых адносін, - прадоўжыў Прэзідэнт Беларусі. - Кожная сустрэча дае новы імпульс у спалучэнні развіцця нашых краін у імя пабудавы супольнасці адзінага лёсу".



"З пункту гледжання кіраўніцтва Беларусі нашы адносіны з Кітаем інтэнсіўныя і ўсёабдымныя, яны дынамічна развіваюцца. І такой дынамікай беларускі бок задаволены. Зразумела, што на гэтым доўгім, вельмі складаным і цяжкім шляху заўсёды будуць нявырашаныя праблемы, задачы, якія трэба будзе рэалізоўваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Вельмі важна сёння пачуць ваша меркаванне па якасці нашага ўзаемадзеяння і напрамках паглыблення беларуска-кітайскага супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Чжаа Лэцзі ў сваю чаргу адзначыў, што кітайскі бок высока ацэньвае асабісты ўклад Кіраўніка беларускай дзяржавы ў развіццё ўсебаковага беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.

Высокі кітайскі госць перадаў Аляксандру Лукашэнку самыя цёплыя прывітанні і найлепшыя пажаданні "ад старога сябра, добрага сябра Старшыні КНР Сі Цзіньпіна".

Чжаа Лэцзі падкрэсліў важнасць таго, што Прэзідэнт Беларусі больш за 10 разоў быў у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. "Асабіста вы ўнеслі вялікую лепту ў развіццё кітайска-беларускіх адносін. І з-за майго візіту вы скарэкціравалі сваю кароткую замежную паездку, вялікі вам дзякуй за гэта", - прадоўжыў Чжаа Лэцзі. На яго думку, Кітай і Беларусь з'яўляюцца добрымі сябрамі, якія могуць дзяліцца і радасцю, і нягодамі, гэта добрыя партнёры, якія аказваюць адзін аднаму шчырую дапамогу. "Як вы правільна заўважылі, нашы краіны - жалезныя браты, жалезныя сябры", - сказаў высокі госць.

Ён дадаў, што галоўная мэта візіту кітайскай дэлегацыі ў Мінск - рэалізаваць дамоўленасці, дасягнутыя кіраўнікамі дзвюх дзяржаў на палях праведзенага ў чэрвені гэтага года саміту ШАС, а таксама далейшае наладжванне стратэгічнага супрацоўніцтва і ўзаемавыгадных сувязей, умацаванне дружалюбных адносін паміж дзвюма дзяржавамі.


Тэгі: Сустрэчы
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь