Сустрэча з сакратаром Савета Бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 10 верасня сустрэчу з Сакратаром Савета Бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым.

"Ёсць шэраг пытанняў, якія мы проста павінны абмеркаваць з вамі. Яны вельмі важныя для далейшай нашай работы ў беларуска-расійскіх адносінах, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, нам з Вамі ёсць аб чым пагаварыць, тым больш што нядаўна прэм'еры сустракаліся ў Маскве па распрацоўцы і рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве. Мы спрабуем выйсці на тое, на што можам на гэтым этапе. Але добра, што мы з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным. - Заўвага) у Піцеры выразна адказалі на ўсе пытанні і паставілі задачы Урадам, у якім напрамку нам тут трэба рухацца".

Прэзідэнт адзначыў, што ў візіце Мікалая Патрушава ў Мінск няма ніякай надзвычайшчыны. Яго паездка была даўно запланаванай, хоць некаторыя СМІ і займаюцца канспіралогіяй на гэтай ніве. "Ён (візіт. - Заўвага) будзе вельмі карысны для далейшага руху ў беларуска-расійскіх адносінах. Надзвычайшчыны быць не можа, таму што, нягледзячы на шэраг пытанняў, нават вельмі важных, дай бог, каб іншыя дзяржавы мелі адна з адной такія адносіны, якія маюць сёння Беларусь і Расія, - заявіў ён. - Таму тут ніякай канспіралогіі нават быць не можа".

Сакратар Савета Бяспекі Расіі пацвердзіў словы Прэзідэнта: яго візіт у Мінск і сустрэча з Кіраўніком беларускай дзяржавы - запланаваныя мерапрыемствы. "Нічога звышнатуральнага няма. Самае галоўнае, што работа саветаў бяспекі, сапраўды, вядзецца на планавай аснове, эфектыўна, плённа. Я ўпэўнены, што так будзе і далей", - падкрэсліў Мікалай Патрушаў.

Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы зрабіў Мікалаю Патрушаву памятны падарунак, звязаны з яго службай на тэрыторыі Беларусі ў часы Савецкага Саюза: "Я вырашыў Вам падарыць Ваша дасье аб вашай службе і рабоце ў Беларусі ў свой час (з адкрытых крыніц вядома, што Мікалай Патрушаў у 1974-1975 гадах з'яўляўся слухачом вышэйшых курсаў КДБ у Мінску. - Заўвага). Я разумею, што Вы цэніце тыя гады. Адрасы, паролі, яўкі - усё тут. Але дзіўна: касякоў ніякіх не заўважана ў тыя гады, таму і сталі вялікім чалавекам. Думаю, Вам прыемна будзе ўспомніць тыя гады".