Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з сакратаром Савета Бяспекі пры Прэзідэнце Узбекістана Віктарам Махмудавым

23 кастрычніка 2018 года
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае прыхільнасць да дамоўленасцей аб развіцці супрацоўніцтва з Узбекістанам. Аб гэтым ён заявіў 23 кастрычніка на сустрэчы з сакратаром Савета Бяспекі пры Прэзідэнце Узбекістана Віктарам Махмудавым.

"Усе нашы дамоўленасці з Прэзідэнтам Узбекістана святыя. Мы абавязкова выканаем узятыя на сябе абавязацельствы. Перадайце майму добраму сябру, што мы будзем выконваць нашы дамоўленасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў дынамічнае развіццё адносін паміж Беларуссю і Узбекістанам. "Я пастаянна аб гэтым гавару і падкрэсліваю гэта. Мы літаральна за пару гадоў прайшлі такі шлях, які не змаглі прайсці да гэтага за два дзесяцігоддзі", - сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў асаблівую заслугу ў гэтым асабіста Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева.

Прэзідэнт Беларусі таксама даў высокую ацэнку дасягненням Кіраўніка ўзбекскай дзяржавы, у тым ліку ў знешняй палітыцы. "Ён хутка нармалізаваў адносіны з суседзямі, цудоўна паводзіць сябе на міжнароднай арэне, у яго выдатныя адносіны і з Захадам, і з Усходам, - сказаў беларускі лідар. - Таму фон добры для нашых адносін, і добра, што ў нас такія ж адносіны".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў час яго нядаўняга візіту ва Узбекістан бакі дамовіліся выпрацаваць канкрэтную дарожную карту далейшага развіцця супрацоўніцтва. Адзін з яе раздзелаў прысвечаны ваенна-тэхнічнаму супрацоўніцтву, на што і накіраваны візіт у Беларусь Віктара Махмудава. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым паабяцаў падзяліцца беларускім вопытам і напрацоўкамі ў гэтай сферы, якія будуць цікавіць абаронны комплекс Узбекістана: пачынаючы ад падрыхтоўкі кадраў і заканчваючы ўзбраеннем.
Тэгі: Візіты
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь