Сустрэча з сакратаром камітэта Камуністычнай партыі Кітая правінцыі Хунань Ду Цзяхаа

  • 1

Магчымыя напрамкі развіцця супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і кітайскай правінцыі Хунань абмяркоўваліся 13 красавіка на сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і сакратара камітэта Камуністычнай партыі Кітая правінцыі Хунань Ду Цзяхаа.

Адкрываючы сустрэчу, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кітайскія сябры заўсёды з'яўляюцца для Беларусі жаданымі і ганаровымі гасцямі. Так, правінцыя Хунань сёння - гэта не толькі аграрны, але і значны індустрыяльны рэгіён, які паспяхова развіваецца і знаходзіцца на перадавых пазіцыях у краіне.

"Нядзіўна, што ў правінцыі Хунань з'явіліся агульныя погляды з Беларуссю. Два гады таму мы з маім сябрам Сі Цзіньпінам дамовіліся аб тым, што міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне павінна стаць лакаматывам у адносінах дзвюх краін", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Правінцыя Хунань атрымала надзейнага партнёра ў асобе Магілёўскай вобласці і актыўна працуе з ёй. Кіраўнік дзяржавы гарантаваў падтрымку кантактаў двух рэгіёнаў і прапанаваў кітайскаму госцю больш шырока абмеркаваць аспекты супрацоўніцтва - як міжрэгіянальнага, так і з Беларуссю ў цэлым.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў некалькі перспектыўных напрамкаў. Размова ў тым ліку ішла аб пастаўках у правінцыю Хунань харчовай, перш за ўсё малочнай прадукцыі з Магілёўскай вобласці. Беларускі бок можа іх павялічыць. "Па чыгунцы праз Беларусь у Еўропу ўжо ідуць кантэйнеры, якія назад вяртаюцца паўпустымі. Мы маглі б загрузіць іх малаком, ёгуртамі, марожаным, попыт на якія ў вас расце літаральна з кожным днём", - сказаў Прэзідэнт.

Беларусь таксама зацікаўлена ў паспяховай рэалізацыі заключаных раней кантактаў, у прыватнасці, з кампаніяй "Зумліён". Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў лютым гэтага года ў свабоднай эканамічнай зоне "Магілёў" зарэгістравана беларуска-кітайскае прадпрыемства па выпуску будаўнічай і камунальнай спецтэхнікі. На заводзе "Строммашына" рыхтуюцца да сумеснай зборкі кранавага абсталявання. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што кампанія "Зумліён" будзе дастойна працаваць і ў індустрыяльным парку "Вялікі камень". "З улікам прадастаўленых намі льгот яна можа хуткімі тэмпамі наладзіць высокатэхналагічную вытворчасць. І гэта прадукцыя будзе карыстацца попытам не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Еўрапейскім саюзе", - упэўнены Прэзідэнт.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, Беларусі і правінцыі Хунань неабходна наладжваць больш цесныя сувязі ў сферах культуры і адукацыі. "Улічваючы, што беларускія творчыя калектывы папулярныя ў Кітаі, можна арганізаваць іх гастролі і ў правінцыі Хунань", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Парасткі дружбы паміж Беларуссю і Кітаем важна закладваць у падрастаючага пакалення. Зручны фармат для гэтага - культурны абмен навучэнцамі з пражываннем у сем'ях у перыяд летніх канікулаў. У школах Беларусі выкладаюць кітайскую мову, у Кітаі - рускую. "Дзеці хутка адаптуюцца і знаходзяць узаемаразуменне. Гэта будзе цікава і карысна", - упэўнены Прэзідэнт.

Падводзячы некаторыя вынікі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі і правінцыі Хунань ёсць вялікі патэнцыял для ўзаемадзеяння ў розных сферах. Каб эфектыўна яго рэалізаваць, Прэзідэнт прапанаваў Ду Цзяхаа адкрыць прадстаўніцтва правінцыі Хунань у Беларусі. Калі такое рашэнне будзе прынята, то беларускі бок акажа ў гэтым усялякае садзейнічанне.

У сваю чаргу сакратар камітэта Камуністычнай партыі Кітая правінцыі Хунань падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць гэтай сустрэчы і абмеркавання пытанняў развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Ён выказаў упэўненасць, што супрацоўніцтва Беларусі і правінцыі Хунань павінна стаць узорам узаемадзеяння для іншых кітайскіх рэгіёнаў. Паводле слоў Ду Цзяхаа, Беларусь - галоўны сябар для Кітая і правінцыі Хунань. Кітайскі кіраўнік падкрэсліў, што Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР Сі Цзіньпін сваёй асабістай дружбай стварылі надзейную аснову беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння.