Сустрэча з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Гэта сустрэча адбылася "на палях" перагавораў у пяцібаковым фармаце прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны з удзелам Еўрапейскага саюза. У ходзе сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў нармалізацыі сітуацыі ва Украіне.

     

    Вітаючы ўкраінскага госця, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Пётр Парашэнка не раз наведваў Беларусь, калі яшчэ займаў іншыя пасады. "Пасля выбрання Вас Прэзідэнтам у нас адбыўся кароткі дыялог, але прынцыповы і вельмі важны. І я аб гэтым сёння скажу, таму што шмат разглагольствуюць аб сустрэчы і аб тым, што хтосьці сабе піяр-кампанію праводзіць", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

    "Гэта была Ваша прапанова сабрацца без усялякага там навалу, без бухты-барахты прымаць рашэнні пасля заключэння пагаднення аб асацыяцыі Украіны з ЕС, разабрацца ў сітуацыі, якая на той момант складвалася ў эканоміцы. Вось і ўвесь піяр. Гэта была прапанова Прэзідэнта Украіны, Вы мяне папрасілі давесці гэта да маіх калег. Я быў выканаўцам. Я ўсё зрабіў для таго, каб давесці да іх Ваш пункт гледжання, і вось - адпаведная рэакцыя з боку членаў Мытнага саюза", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Ён яшчэ раз падкрэсліў: "Калі б не было Вашай волі, і нават у апошнія дні мы аб гэтым з Вамі часта гаварылі па тэлефоне, не было б сёння гэтай сустрэчы. Гэта сведчыць аб тым, што Украіна вельмі зацікаўлена, каб на ўкраінскай зямлі, у цэнтры Еўропы была нармальная сітуацыя і абстаноўка, а ў Беларусі тым больш у гэтым зацікаўлены. Вы ведаеце нашу пазіцыю".