Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з прэзідэнтам, старшынёй праўлення ПАТ "Ашчадбанк" Германам Грэфам

16 ліпеня 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку рабоце Ашчадбанка ў Беларусі. Аб гэтым ён заявіў 16 ліпеня на сустрэчы з прэзідэнтам, старшынёй праўлення ПАТ "Ашчадбанк" Германам Грэфам.

"Удзячны вам за тое, што прадаўжаеце працаваць у Беларусі пры ўсіх праблемах у Расіі, у Беларусі. Тым не менш вы моцна стаіце на нагах. Бачу, што фізічных асоб сталі больш крэдытаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пры ўдзеле Ашчадбанка прадаўжаецца і крэдытаванне эканомікі ў Беларусі. "Ідзе крэдытаванне эканомікі. Тэмпамі вышэйшымі за інфляцыю. Але паколькі ў банках ёсць ліквіднасць - і ў Расіі, і ў Казахстане, і ў Беларусі, то яны, безумоўна, гэту ліквіднасць накіроўваюць на крэдытаванне насельніцтва. Галоўнае, каб у разумных межах", - растлумачыў прысутны на сустрэчы Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаур.

"Увогуле, тое, аб чым мы некалі дагаворваліся, калі вы прыйшлі ў Беларусь, вы гэта цвёрда трымаеце. Я вельмі цаню вось гэту вашу якасць: калі ўжо сказаў, значыць, зрабіў. Цяпер мала, на жаль, такіх людзей, якія трымаюцца свайго слова. Вы адзін з такіх. Таму мне вельмі прыемна з вамі заўсёды сустракацца. Ведаю, што гэта будзе заўсёды на карысць", - заявіў Прэзідэнт.  

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў правядзенне ў Мінску XIII летняй міжнароднай Ашчадбанкіяды, падкрэсліўшы, што заўсёды падтрымлівае такія масавыя спартыўныя мерапрыемствы. Больш таго, паспяховаму правядзенню гэтага мерапрыемства садзейнічае і інфраструктура ў Мінску, якая выкарыстоўвалася пры арганізацыі II Еўрапейскіх гульняў. "Якраз нам і рыхтавацца не трэба было - аб'екты і гэтак далей - усё было ў парадку, - заўважыў беларускі лідар. - Я наогул заўсёды падтрымліваю такія мерапрыемствы. Таму што гэта не проста спартсмены за грошы выступаюць, а гэта людзі, якія сёння працуюць на вялікім прадпрыемстве Ашчадбанка. І вы арганізавалі ім такое свята, дзе яны могуць і сябе паказаць, і здароўе бясплатна атрымаць, і азнаёміцца бліжэй з Мінскам".

Прэзідэнт звярнуў увагу і на выгады ад беларускага боку ад правядзення Ашчадбанкіяды ў плане прыцягнення турыстычнага патоку. "Гэта людзі (удзельнікі Ашчадбанкіяды. - Заўвага), якія актыўныя, раскажуць пра Беларусь шмат. Пасля прыедуць іх блізкія, родныя, сябры. Гэта вельмі выгаднае для Беларусі мерапрыемства. Таму я вам за гэта ўдзячны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што Беларусь гатова прымаць не толькі такія спартыўныя форумы, якія праводзіць Ашчадбанк, але і іншыя мерапрыемствы. "Ведайце, што ў Беларусі ў вас ёсць надзейная апора", - запэўніў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Герман Грэф падзякаваў за прыём і адзначыў вялікую падтрымку беларускага боку ў правядзенні Ашчадбанкіяды. "Усё працуе як гадзіннік. Цудоўная інфраструктура. Больш за 3 тыс. чалавек прыехалі і адчуваюць сябе тут вельмі камфортна", - дадаў ён.

Тэгі: Сустрэчы
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь