Сустрэча з прэзідэнтам Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый Аляксандэрам Чаферынам

  • 1

Беларусь гатова прыняць спаборніцтвы любога ўзроўню, у тым ліку Суперкубак УЕФА. Аб гэтым заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 19 верасня на сустрэчы з прэзідэнтам Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) Аляксандэрам Чаферынам, які ўпершыню наведвае Беларусь.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што цяпер абмяркоўваецца пытанне правядзення Суперкубка УЕФА, і калі Мінск будзе вызначаны месцам яго арганізацыі, то краіна зробіць усё магчымае, каб мерапрыемства прайшло на самым высокім узроўні. "Мы зробім гэта не горш, чым лепшыя сталіцы нашага кантынента", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за тую дапамогу, якую УЕФА аказваў і аказвае самаму масаваму і папулярнаму віду спорту ў Беларусі - футболу. "Мы спадзяёмся, што з выбраннем вас кіраўніком саюза нашы адносіны, кантакты значна павялічацца і ў нас будзе поўнае ўзаемаразуменне па ўсіх пытаннях. Хоць не магу паскардзіцца і наракаць на мінулыя часы, што ў нас былі нейкія праблемы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"УЕФА заўсёды адгукаўся на нашы просьбы і заўсёды дапамагаў нам, асабліва дзіцячаму спорту, і ніколі мы не чулі з боку саюза нейкага папроку ў наш адрас, што мы не мэтавым чынам выкарыстоўвалі грошы, што мы не дапамагалі дзецям, не дапамагалі футболу", - прадоўжыў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што так будзе і ў далейшым.

Разам з гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу: "Вы нас ніколі не балавалі вялікімі футбольнымі мерапрыемствамі. Таму калі Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый у гэтым напрамку будзе думаць, ведайце, што мы гатовы прыняць любыя спаборніцтвы, на любым узроўні, што датычыцца нашага кантынента".

"Беларуская федэрацыя футбола і УЕФА сапраўды вельмі добра супрацоўнічаюць. Але любое добрае супрацоўніцтва можна палепшыць. У нас добрыя прафесійныя адносіны з федэрацыяй. Мы яшчэ і сябры, што вельмі важна, - сказаў Аляксандэр Чаферын. - Я рады бачыць, што ў Беларусі спорт атрымлівае такую падтрымку. І асабліва рады за футбол, вядома. Заўтра мы пачнём новы этап нашага супрацоўніцтва".

Ён адзначыў, што УЕФА даўно аказвае падтрымку Беларусі, дапамагаючы з развіццём інфраструктуры, набыццём неабходнага спартыўнага абсталявання і інвентару. "Мы плануем аказаць падтрымку ў плане навучання трэнераў. Важна, што ёсць падтрымка Міністра (Міністра спорту Беларусі. - Заўвага) і яго разуменне: у футболе прагрэс - даволі марудны прагрэс, трэба пачынаць з самага маленькага ўзросту і развівацца. Нельга стаць чэмпіёнам за адзін дзень", - заўважыў прэзідэнт УЕФА.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што яму прыемна сустракацца з Аляксандэрам Чаферынам, які прадстаўляе яго любімы від спорту. Завяршаючы сустрэчу, Аляксандр Лукашэнка падарыў прэзідэнту УЕФА блюда аўтарскай работы, упрыгожанае мінераламі і абрамленае разным дрэвам. Сувенір створаны з выкарыстаннем карэльскай бярозы, дубу ў тэхніцы гравіроўкі, траўлення і выпальвання. Па знешнім перыметры блюда размешчаны медальёны з выявай Мірскага і Нясвіжскага замкаў, Барысаглебскай царквы ў Навагрудку, Мураванскай царквы. У цэнтры - Траецкае прадмесце і Мінскі Свята-Духаў кафедральны сабор. Па традыцыі Аляксандр Лукашэнка таксама перадаў госцю шакалад "Прэзідэнт".