Сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным

  • 32
  • 4:51

Адносіны Беларусі і Расіі непахісныя, хто б што ні пісаў і не гаварыў. Аб гэтым 13 лютага заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Краснай Паляне з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

"Вы павінны ведаць, што ў кантэксце міжнародных адносін адносіны Беларусі і Расіі непахісныя, хто б што ні пісаў і ні гаварыў, - падкрэсліў беларускі лідар. - Ды і не трэба вас у гэтым пераконваць. Прынамсі, мы з вамі гэта добра ведаем".

"Што датычыцца падтрымкі нашай эканомікі, я таксама вам удзячны. Пры гэтым я часта гавару, што эканоміка Беларусі - гэта фінішная вытворчасць расійскай эканомікі. Мы сыравіну, камплектуючыя - 60-70% па асноўнай машынабудаўнічай прадукцыі, нафтаперапрацоўцы - купляем у Расіі. Таму гэта наша агульная эканоміка. І падтрымліваючы нас, вы, вядома, падтрымліваеце тыя прыкладна 35-40 млн людзей (разам з сем'ямі), якія працуюць на расійскіх прадпрыемствах, пастаўляюць у Беларусь прадукцыю. Калі нехта там у Расіі і Беларусі не разумее гэта, я думаю, зразумеюць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Вядома, заўсёды пытанні ёсць і будуць. Але мы заўсёды знаходзілі развязкі па гэтых пытаннях. Думаю, гэта не з'яўляецца вялікай праблемай для нас", - дадаў ён.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў высокую якасць вырабляемых у краіне прадуктаў харчавання і заявіў аб гатоўнасці пастаўляць іх у неабходных аб'ёмах на расійскі рынак. "Даследаванні і ў вас, і ў нас праведзены. Мы маем усе магчымасці для таго, каб накарміць людзей якаснымі прадуктамі харчавання. Таму якія б ні былі канфлікты і скандалы, вы помніць павінны, што мы ніколі расіянам не будзем пастаўляць ні дрэнную гарэлку, ні дрэнную закуску. Вы гэта дакладна павінны разумець", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў час яго візіту ў Расію будзе магчымасць пагаварыць не толькі па пытаннях эканомікі, але і па гуманітарнай тэматыцы, у тым ліку з удзелам профільных міністраў у час наведвання адукацыйнага цэнтра "Сірыус".

"Дзякую вам за запрашэнне перагаварыць з нашымі калегамі (трохбаковая сустрэча прэзідэнтаў Расіі, Ірана і Турцыі па Сірыі. - Заўвага), якія будуць заўтра ў вас па важных міжнародных праблемах", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што сустрэчы сёння і ў наступныя дні будуць вельмі карысныя для беларуска-расійскіх адносін.

Графік знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы прадугледжвае магчымасць і для невялікага адпачынку. "Дзякуй за тое, што запрасілі. Таму што мы часам замыкаемся ў рамках уласных праблем і збоку не бачым, што адбываецца. Вы правільна сказалі, што можна гадзіну-другую знайсці для таго, каб перадыхнуць. Я гэтым скарыстаўся з раніцы. Дзякуй за трасы, якія былі падрыхтаваны. І суправаджальныя асобы, якія разам са мной прыехалі, вельмі задаволеныя былі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Для мяне гэта родны дом. Я ехаў па новай дарозе ўчора позна вечарам і ўспамінаў тую цяжкую савецкую трасу, па якой мы перамяшчаліся. Страшна было глядзець уніз. Сёння гэта зусім іншы курорт, іншая тэрыторыя. І я рады, што ў свой час беларусы пабудавалі тут свой дом. У нас тут дзве гасцініцы, асабнякі, якія запоўнены турыстамі, і працуем не на страту", - адзначыў Прэзідэнт.

Уладзімір Пуцін у сваю чаргу адзначыў: "Немалаважным з'яўляецца наша супрацоўніцтва ў сферы міжнародных адносін, сітуацыі ў рэгіёне. Для нас Беларусь - важнейшы стратэгічны партнёр, саюзнік. І для мяне вельмі важна зверыць гадзіннікі з Прэзідэнтам Беларусі і па гэтых пытаннях, уключаючы пытанні інтэграцыі на постсавецкай прасторы".

У цэлым Кіраўнік расійскай дзяржавы канстатаваў, што адносіны паміж дзвюма краінамі развіваюцца і мацнеюць, Расія застаецца буйнейшым гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі.

Пасля завяршэння дзелавой сустрэчы з удзелам членаў дэлегацый Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін разам накіраваліся на адну з сочынскіх гарналыжных трас.

Пасля катання на лыжах прэзідэнты прадоўжылі сустрэчу ў нефармальнай абстаноўцы.