Сустрэча з прэзідэнтам міжнароднай некамерцыйнай асацыяцыі WorldSkills International Сайманам Бартлі

  • 1

Сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі Рэспублікі Беларусь пастаянна аптымізуецца і мадэрнізуецца. Аб гэтым ішла размова 17 мая на сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам міжнароднай некамерцыйнай асацыяцыі WorldSkills International Сайманам Бартлі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь - адзіная на постсавецкай прасторы і, мабыць, ва Усходняй Еўропе краіна, дзе прафтэхадукацыі ўдзяляецца столькі ўвагі. "Сёння былыя рэспублікі Савецкага Саюза просяць нас, каб мы дапамаглі ім падрыхтаваць кадры па рабочых спецыяльнасцях, паколькі тая сістэма, якая была ў іх у часы Савецкага Саюза, аказалася разбуранай", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі ж сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі захавалі і ўдасканалілі. Працэс яе аптымізацыі, мадэрнізацыі прадаўжаецца. "Гэта зразумела, яна павінна развівацца і аптымізавацца, мадэрнізавацца кожны год, - сказаў Прэзідэнт. - Беларусь будзе ўзорна-паказальнай краінай у плане развіцця прафесійна-тэхнічнай адукацыі".

Важнае значэнне ў краіне надаецца стварэнню найноўшай матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта неабходная ўмова для таго, каб маладыя людзі маглі атрымаць самую сучасную спецыяльнасць і працаваць на самай сучаснай вытворчасці.

Вялікая ўвага ўдзяляецца таксама вытворчаму навучанню. "Мы робім усё для таго, каб чалавек, які прыйшоў для атрымання прафтэхадукацыі, мог з першага дня займацца сваёй прафесіяй. Каб ён змог ацаніць свае магчымасці, схільнасці да той ці іншай працы і азнаёміцца са сваёй будучай прафесіяй, зрабіць вывад, ці правільна ён арыентаваны і ці тая гэта работа, якой яму давядзецца займацца, магчыма, усё жыццё", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Як адзначалася ў час сустрэчы, савецкі патэнцыял прафесійна-тэхнічнай адукацыі сябе вычарпаў. Сёння ў Беларусі імкнуцца рыхтаваць кадры пад патрэбнасці эканомікі. Для гэтага, напрыклад, структура падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў фарміруецца адрасна з улікам патрэбнасці арганізацый.

У час сустрэчы прэзідэнт WorldSkills International адзначыў, што беларускія напрацоўкі ў сферы развіцця прафесійна-тэхнічнай адукацыі важны не толькі для краін СНД, але і для ўсёй сусветнай супольнасці. Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі прэстыж рабочых прафесій вышэйшы, чым у многіх іншых краінах, і выказаў намер выкарыстоўваць беларускі вопыт у гэтай сферы для іх папулярызацыі. Падрыхтаваныя ў Беларусі рабочыя і спецыялісты, як падкрэслівалася ў час сустрэчы, павінны быць запатрабаваны за мяжой. Гэта будзе садзейнічаць павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці краіны, росту экспарту адукацыйных паслуг.