Сустрэча з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі шахмат Аркадзем Дварковічам

  • 1
Пытанні развіцця ў Беларусі шахматнага спорту і правядзення 45-й Сусветнай шахматнай алімпіяды абмеркаваны 29 студзеня на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі шахмат (ФІДЕ) Аркадзем Дварковічам.

"Я і з былым кіраўніком федэрацыі не раз сустракаўся і ведаў яго добра. Мы гаварылі аб развіцці шахмат у Беларусі. Мы прытрымліваемся гэтага курсу. Я чалавек "усёедны": для мяне вельмі важны любы від спорту, пачынаючы ад хакея і фігурнага катання і заканчваючы шахматамі. Тым больш так здарылася, што Беларусь - гэта, можна сказаць, адна з магутных шахматных дзяржаў, і школа ў нас заўсёды была добрая. Бачу, што і цяпер пачалі варушыцца, таму наша сустрэча дарэчы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў Аркадзя Дварковіча з выбраннем прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі шахмат. Ён атрымаў гэту пасаду на пасяджэнні Генасамблеі ФІДЕ ў кастрычніку 2018 года. "Мы прыхільна да гэтага ставімся. Груба кажучы, усё ж такі свой чалавек, ды яшчэ і кіраўнік федэрацыі - гэта вельмі важна для нас, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Ёсць аб чым пагаварыць. Вы скажыце, што мы павінны зрабіць, каб міністр прыняў да выканання. Вы ведаеце самі па мінулай рабоце, што чыноўнікі марудна часам разварочваюцца. Але калі вы дакладна вызначыце і падкажаце, што мы павінны рабіць, мы абавязкова зробім".

Віцэ-прэзідэнтам на тым жа пасяджэнні ФІДЕ была выбрана старшыня Беларускай федэрацыі шахмат Настасся Сарокіна, якая атрымала абсалютную большасць галасоў.

Паводле слоў Аркадзя Дварковіча, Міжнародная федэрацыя шахмат плануе перабудаваць сваю работу, каб забяспечыць развіццё шахматнага спорту ў свеце ў цэлым, а не толькі ў асобных краінах. "У Беларусі сапраўды шахматы паступова пачынаюць паднімацца. Крытычна важная для гэтага рэч - развіццё шахмат у школах. І гэты праект, бадай, самы буйны, яму трэба ўдзяляць самую вялікую ўвагу. На наступным узроўні - шахматная акадэмія, дзе таленавітыя дзеці могуць павышаць майстэрства. Далей - падрыхтоўка прафесіяналаў. Такая лесвіца павінна быць выбудавана ў кожнай краіне, і мы будзем у гэтым дапамагаць", - падкрэсліў прэзідэнт ФІДЕ.