Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі Марынары Ватанабэ

7 жніўня 2017 года

Беларусь разлічвае вярнуцца ў эліту спартыўнай гімнастыкі. Аб гэтым заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня на сустрэчы з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі Марынары Ватанабэ.

Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць праведзенага ў Мінску этапу Кубка свету па мастацкай гімнастыцы. "Я вельмі падрабязна інфармаваны аб усіх падзеях апошніх трох дзён, што датычыцца спорту, мастацкай гімнастыкі. Я вельмі ўдзячны за гэту падзею, што адбылася ў Мінску. Бачыў Вас па тэлебачанні, калі Вы выступалі, і мяне не пакідала думка: мастацкая гімнастыка - гэта той від спорту, дзе яшчэ вельмі шмат суб'ектывізму", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Можа, Вы будзеце тым чалавекам, які гэты суб'ектывізм панізіць блізка да нуля. Яго выкараніць будзе вельмі складана, але змагацца з гэтым трэба", - лічыць Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі змагло пераканацца, што Беларусь трымае дадзенае слова. "У гэтым працэсе, на гэтым шляху вы заўсёды знойдзеце падтрымку Беларусі і можаце ёю скарыстацца ў любы час, - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. - Так думаю не толькі я, але і пераважная большасць спецыялістаў, спартсменаў, трэнераў, якія непасрэдна займаюцца гімнастыкай".

Беларуская школа гімнастыкі добра вядомая ў свеце, айчынныя спартсмены не раз узнімаліся на вышэйшыя прыступкі спартыўных п'едэсталаў. Як адзначалася на сустрэчы, паказальныя гучныя перамогі беларускіх гімнастаў, захоўваецца пераемнасць спартыўных традыцый, для гэтага ў краіне ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы, прыкладам чаго з'яўляецца і будаўніцтва палаца мастацкай гімнастыкі. Не выключана, што новыя прэстыжныя міжнародныя спаборніцтвы могуць праходзіць у яго залах.

Прэзідэнт таксама павіншаваў Марынары Ватанабэ з паспяховым выступленнем спартсменаў з Японіі. Кіраўнік дзяржавы лічыць важным абмен вопытам паміж спартсменамі дзвюх краін.

У сваю чаргу кіраўнік Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі выказаў меркаванне, што ў беларускіх спартсменаў ёсць патэнцыял для заваявання большай колькасці медалёў на Алімпійскіх гульнях у 2020 годзе. "Паколькі наступныя Алімпійскія гульні будуць праходзіць у Японіі, на маёй радзіме, калі ласка, не саромцеся прасіць мяне, калі я нечым магу вам дапамагчы ў сувязі з гэтым", - дадаў ён. Высокі госць адзначыў, што ён не ўпершыню наведвае Беларусь, але кожны раз захапляецца беларускім народам, а таксама цудоўнай прыродай. "Я адчуваю сябе так, што Беларусь - гэта мая другая радзіма", - сказаў Марынары Ватанабэ. Ён лічыць неабходным прыкладаць больш намаганняў для развіцця спорту ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў Марынары Ватанабэ Ганаровы знак НАК "За заслугі ў развіцці алімпійскага руху ў Рэспубліцы Беларусь", а віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі, намесніку старшыні Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Нэлі Кім - ордэн Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.


Тэгі: Сустрэчы
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь