Сустрэча з прэзідэнтам Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа Петэрам Маўрэрам

  • 1

Беларусь і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа ў бліжэйшай перспектыве будуць умацоўваць і пашыраць узаемадзеянне. Такая дамоўленасць дасягнута ў час сустрэчы 8 лістапада Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам МКЧК Петэрам Маўрэрам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значнасць першага візіту Петэра Маўрэра ў Беларусь як кіраўніка Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. "Гэты візіт павінен быць значным і сімвалізаваць той факт, што нашы адносіны трэба ўзняць на яшчэ больш высокі ўзровень", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

"Наша сённяшняя работа па далейшым адкрыцці ў Мінску офіса прадстаўніцтва МКЧК шмат аб чым сведчыць, і мы гэта вельмі высока цэнім, - заўважыў Прэзідэнт. - Гэта будзе новай старонкай у нашых адносінах, якая дабавіць у іх больш перспектыў і надзей".

На думку Аляксандра Лукашэнкі, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа ажыццяўляе самую вялікую місію ў свеце з усіх міжнародных арганізацый. "Вы заўсёды побач з тымі людзьмі, якія трапілі ў бяду, вы аказваеце ім гуманітарную дапамогу або выступаеце пасрэднікам, дзе гэта толькі магчыма, па аказанні гуманітарнай дапамогі, вы дапамагаеце шукаць людзей, якія трапілі ў бяду і прапалі. І ажыццяўляеце многія іншыя напрамкі ў гэтым плане, - падкрэсліў важнасць работы Камітэта Кіраўнік дзяржавы. - Таму гэта найвялікшая дзейнасць, якую мы вітаем і заўсёды будзем падтрымліваць, і вы на нас можаце разлічваць".

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што Беларусь таксама імкнецца ўнесці свой уклад у міжнародную гуманітарную дзейнасць і ўсяляк дапамагчы тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Так, на працягу ўкраінскага крызісу Беларусь прыняла ў сябе каля 150 тыс. бежанцаў з гэтай краіны, забяспечыўшы іх усім неабходным. "Фактычна паставілі ўпоравень нашых украінскіх братоў з беларусамі. Як вы разумееце, гэта ўсё нам каштавала значных затрат, але мы іх не лічым, паколькі людзі трапілі ў бяду. Тут затраты наўрад ці маюць які-небудзь падлік", - адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб дапамозе сірыйцам, што аказваецца беларускім народам: "Беларусы ніколі не былі ўбаку ад вайны ў Сірыі. Мы аказвалі і аказваем гуманітарную падтрымку сірыйскаму народу, асабліва дзецям, выпрацавана праграма аздараўлення сірыйскіх дзяцей у Беларусі. Мы ў гэтым напрамку і ў далейшым будзем дзейнічаць".

Закранаючы ў цэлым далейшыя перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з МКЧК, Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што беларускі народ, які за сваю гісторыю зведаў нямала бедстваў, і ў далейшым будзе займаць такую ж канструктыўную лінію ў міжнароднай гуманітарнай дзейнасці. "Мы былі міжвольнымі ўдзельнікамі ўсіх войнаў і канфліктаў, што праходзілі па Еўропе, асабліва з захаду на ўсход. Мы ведаем цану жыцця і чаго каштуе вайна. Таму мы заўсёды адклікаемся на крык людзей, якія трапілі пад бамбёжкі", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу Петэр Маўрэр сказаў аб тым, што Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа высока ацэньвае гуманітарную дзейнасць Беларусі па аказанні дапамогі іншым краінам. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што з Беларуссю на працягу многіх гадоў складваюцца выдатныя адносіны, і сапраўды надышоў час узняць іх на яшчэ больш высокі ўзровень. "Я тут знаходжуся з візітам, каб падпісаць дакументы па адкрыцці ў Мінску пастаяннага прадстаўніцтва МКЧК ужо ў наступным годзе", - сказаў кіраўнік арганізацыі.

"Беларускі народ, улада, Вы асабіста падтрымліваеце дзейнасць Камітэта. Мы гэта адчуваем. І такім чынам вы таксама падтрымліваеце міжнароднае гуманітарнае права, якім мы кіруемся", - падкрэсліў Петэр Маўрэр.

На яго думку, за апошні час свет стаў значна больш складаным, палярызаваным і гуманітарныя наступствы канфліктаў адчуваюцца ўсё больш востра. "Сёння дзейнасць Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа як ніколі залежыць ад падтрымкі такіх краін, як Беларусь, якія імкнуцца да ўрэгулявання канфліктаў у свеце, імкнуцца аб'яднаць і пасадзіць за адзін стол ваюючыя бакі. Дзякуй за вашу дапамогу", - сказаў кіраўнік МКЧК.

Ён лічыць, што Беларусь у плане гуманітарнай падтрымкі Украіны, Сірыі паказвае прыклад і іншым дзяржавам. Разам з гэтым Петэр Маўрэр выказаў надзею, што Беларусь можа стаць своеасаблівым правадніком пашырэння гуманітарнай дзейнасці ў тых інтэграцыйных аб'яднаннях, членам якіх яна з'яўляецца.

Петэр Маўрэр шчыра падзякаваў Прэзідэнту Беларусі і беларускаму народу за гуманітарную дапамогу, якая з'яўляецца прыкметнай і адчувальнай на міжнароднай арэне.