Сустрэча з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам

  • 31

Беларусь падтрымлівала кіраўніцтва Малдовы на шляху захавання народнага адзінства. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 чэрвеня на сустрэчы з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.

"Дзякую вам за гэты візіт. Пасля ўсіх бурных падзей хачу павіншаваць вас і ўвесь малдаўскі народ, эліту малдаўскага народа з тым, што вы дастойна выйшлі з няпростага, складанага становішча, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы, напэўна, знаходзячыся непасрэдна ў сонме гэтых падзей, не зусім востра, як мы, гэта ўспрымаеце. Мы вельмі перажывалі і балелі за вас".

Прэзідэнт адзначыў, што перад сустрэчай з малдаўскім лідарам правёў перагаворы са Старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны Міларадам Додзікам. "Цяжкі лёс напаткаў гэту дзяржаву: раздробленасць, не зразумела, хто спрабуе кіраваць, частка народа ў адзін бок, частка - у другі. Ім вельмі цяжка, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Разумеючы, што мая наступная сустрэча з вамі, я думаў аб Малдове: вы малайцы, што захавалі гэта адзінства. Гэта цяпер не зразумела. Гэта не зразумела, калі знаходзішся ў гэтым катле, можа, не ўсё ўсведамляеш, але збоку гэта больш востра адчуваецца. З цягам часу, калі гэта стане здабыткам гісторыі, гэта будзе вывучана, усвядомлена. Пакаленні, якія прыйдуць на змену нашаму, гэта ацэняць - што вы збераглі тое адзінства, якое цяпер ёсць у Малдове". Хоць гэта і адносна можна назваць адзінствам у сувязі з Прыднястроўем, але тым не менш гэта дарагога варта".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сваімі ўпэўненымі дзеяннямі ўлада Малдовы паказала стойкасць і рашучасць. "Проста разумныя людзі, - заявіў ён. - Думаю, што на гэтым цяжкім шляху вам як Прэзідэнту давядзецца яшчэ нямала перажыць, каб дабрабыт малдаван, якія на вас разлічваюць, падняць да нармальнага ўзроўню. Мы ў гэтым удзельнічаем і гатовы далей ажыццяўляць гэта супрацоўніцтва на карысць нашых народаў".

Ігар Дадон прыбыў у Мінск для ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Яго прыезд стаў нагодай для сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі. "Нагода ў нас добрая: спорт заўсёды аб'ядноўваў людзей. Вельмі хочацца, каб ён садзейнічаў аб'яднанню ў цэлым у нашым рэгіёне. Але я магу сказаць пра Малдову і Беларусь, што мы і так аб'яднаны, вельмі блізкія з пункту гледжання эканомікі. У палітыцы, як бы ні былі складаныя сітуацыі тут і там, мы прытрымліваемся адзінага парадку дня", - звярнуў увагу Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Малдовы коратка расказаў пра падзеі, якія адбываюцца ў яго краіне ў апошнія дні. Паводле яго слоў, гэта быў няпросты перыяд, і яму давялося ўзяць на сябе асноўныя рызыкі.

Ігар Дадон падкрэсліў, што краіну падтрымалі самыя розныя знешнія партнёры. "Думаю, што ў гэтым рэгіёне няма такіх прыкладаў, дзе і Расія, і Злучаныя Штаты, і Еўрапейскі саюз маюць адзіную пазіцыю, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Вядома, мая задача - падтрымаць гэту нетрывалую раўнавагу".

Ігар Дадон запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Малдову восенню, падчас збору вінаграду. "У Малдове вас вельмі любяць, чакаюць. Вы мне абяцалі, што мы збяром вінаград у гэтым годзе. Сітуацыя ў нас стабілізуецца ў бліжэйшыя, думаю, месяц-паўтара. І вельмі спадзяюся, што восенню мы вас убачым у гасцях у Рэспубліцы Малдова", - сказаў Ігар Дадон.

Прэзідэнт Малдовы дадаў, што з задавальненнем адгукнуўся на прапанову прыехаць у Мінск на адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў, нягледзячы на складаную сітуацыю ў яго краіне. "Гэта важная падзея для вас асабіста і вашай краіны. Я вырашыў усё ж такі прыехаць, каб быць побач з вамі. Сябры звычайна побач адзін з адным - і ў бядзе, і ў радасці", - падкрэсліў Ігар Дадон.