Сустрэча з Прэзідэнтам Італьянскай Рэспублікі Серджыа Матарэла

  • 24

Беларусь і Італія дамовіліся актывізаваць узаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Гэта пытанне абмяркоўвалася 20 мая на перагаворах Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Італіі Серджыа Матарэла, што прайшлі ў Квірынальскім палацы ў Рыме.

Перагаворы праходзілі ў вельмі адкрытай і дружалюбнай атмасферы. Былі падрабязна і дэталёва абмеркаваны пытанні развіцця гандлёва-эканамічных адносін, палітычных кантактаў, міжнародная сітуацыя. Беларускі бок выказаў удзячнасць Італіі за прагматычную, узважаную пазіцыю адносна Беларусі нават у перыяд напружаных адносін з Еўрасаюзам.

"Беларусь заўсёды будзе донарам стабільнасці і прыстойнасці ў адносінах як да Італіі, так і да Еўрасаюза ў цэлым", - падкрэсліў беларускі лідар.

Асаблівы акцэнт у час сустрэчы быў зроблены на перспектывах актывізацыі бізнес-кантактаў. Аляксандр Лукашэнка ўнёс прапанову аб стварэнні беларуска-італьянскага дзелавога савета, які дапамог бы зняць многія пытанні ва ўзаемадзеянні бізнес-структур. Серджыа Матарэла падтрымаў гэту ідэю, адзначыўшы, што гэта быў бы выдатны інструмент для садзейнічання супрацоўніцтву ў гэтай сферы.

У развіцці шматбаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва зацікаўлены як Беларусь, так і Італія. Улічваючы вялікі інтарэс італьянскага бізнесу да Беларусі, Аляксандр Лукашэнка запэўніў у гатоўнасці дзейнічаць у гэтым напрамку. Асаблівую цікавасць для Беларусі ўяўляе вопыт Італіі ў стварэнні малых і сярэдніх прадпрыемстваў у самых розных сферах, у тым ліку IT, АПК, вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і іншых. На аснове гэтых прадпрыемстваў у тым ліку неабходна ствараць трывалы фундамент для міждзяржаўнага ўзаемадзеяння.

Асобным пунктам у парадку дня абмяркоўвалася павелічэнне аб'ёмаў інвестыцыйнага супрацоўніцтва, стварэння на тэрыторыі Беларусі не толькі сумесных, але і ўласных італьянскіх прадпрыемстваў. "Мы гатовы прадаставіць для гэтага ўсе неабходныя ўмовы", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Бакі таксама згадзіліся з неабходнасцю вярнуцца да прапрацоўкі праекта па стварэнні ў Брэсце італьянскага прамысловага парка.

У паспяховай рэалізацыі гэтага і іншых праектаў ёсць несумненны інтарэс і італьянскага боку, улічваючы членства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, што азначае адкрыты доступ да шматмільённага рынку.

Прэзідэнты згадзіліся, што для больш эфектыўнага супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў неабходна ўдасканальваць нарматыўна-прававую базу, рабіць яе больш паўнацэннай.

Асобным блокам кіраўнікі дзяржаў абмяркоўвалі ўзаемадзеянне ў сацыяльнай сферы. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Серджыа Матарэла за дапамогу італьянскага боку ў аздараўленні беларускіх дзяцей. Італія ў сваю чаргу ўдзячна Беларусі за канструктыўнае ўзаемадзеянне ў сферы ўсынаўлення дзяцей.

Прэзідэнты не абмінулі і актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня, у тым ліку сітуацыю ва Украіне. "Мінск - гэта зямля, якая абяцае надзею на вырашэнне гэтага канфлікту", - сказаў Прэзідэнт Італіі.

Па выніках сустрэчы кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб прадаўжэнні кантактаў. Аляксандр Лукашэнка запрасіў Серджыа Матарэла наведаць Беларусь у любы зручны час. У сваю чаргу Прэзідэнт Італіі падзякаваў за запрашэнне і выказаў задавальненне тым, што Беларусі і Італіі ўдалося захаваць канструктыўныя адносіны супрацоўніцтва.