Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з Прэзідэнтам Грузіі Саламэ Зурабішвілі

21 чэрвеня 2019 года
Сустрэча з Прэзідэнтам Грузіі Саламэ Зурабішвілі
глядзіце таксама: відэа
21 чэрвеня 2019 года
Сустрэча з Прэзідэнтам Грузіі Саламэ Зурабішвілі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зробіць усё, каб добрыя і цёплыя адносіны з Грузіяй захаваліся навечна. Аб гэтым ён заявіў 21 чэрвеня на сустрэчы з Прэзідэнтам Грузіі Саламэ Зурабішвілі, якая прыбыла ў Беларусь напярэдадні.

"Нягледзячы на тое, што гэты візіт у вас кароткі, я вельмі спадзяюся, што вы знойдзеце час у бліжэйшай будучыні, каб пабываць не толькі ў Мінску, але і паглядзець нашу Беларусь. Пасол вельмі добра знаёмы з Беларуссю, з Мінскам. Ён можа шмат расказаць і паказаць. Ён у нас тут свой чалавек", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы ў пачатку сустрэчы.

"Думаю, вы добра знаёмыя з нюансамі беларуска-грузінскіх адносін. Я не буду тут пераказваць пра наш гандлёвы абарот, пра тое, які мы час перажылі. Мы сапраўды пачыналі з нуля нашы адносіны, асабліва ў сферы эканомікі. Але сёння Грузія знаходзіцца на вядучых пазіцыях у адносінах да Беларусі. У нас вельмі добрыя, цёплыя адносіны. Нашы народы вельмі блізкія. Не толькі паважаюць - любяць адзін аднаго, - сказаў беларускі лідар. - У нас вельмі добры фундамент адносін. І паверце, я зраблю ўсё, каб такія добрыя, цёплыя адносіны ва ўсіх сферах захаваліся навечна".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ўважліва сочаць за абстаноўкай у Грузіі. "Нам не абыякава, якая сітуацыя ў Грузіі. Ваш народ перажыў шмат складаных момантаў пасля распаду Савецкага Саюза. І вы заўсёды дастойна выходзілі са складаных сітуацый. І цяперашняя сітуацыя няпростая ў Грузіі, як і ў іншых рэспубліках, але мы людзі мужныя і знойдзем выйсце з самых цяжкіх сітуацый", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Саламэ Зурабішвілі падзякавала Прэзідэнту Беларусі за магчымасць сустрэчы, нягледзячы на той факт, што ёй даводзіцца раней завяршыць свой візіт у Беларусь з-за падзей, якія адбываюцца ў Грузіі. "Вядома, гэта было нечакана, што я ад'язджаю", - сказала яна.

Разам з тым Прэзідэнт Грузіі адзначыла, што рада прыезду ў Беларусь і рыхтавалася да гэтага візіту, пажадаўшы паспяхова правесці II Еўрапейскія гульні. "Даводзіцца ад'язджаць, але балець буду на адлегласці, - сказала Саламэ Зурабішвілі. - Цяпер у Грузіі напружаная сітуацыя, таму я палічыла абавязковым быць там. Таму што, калі ў краіне адбываецца нешта, Кіраўнік дзяржавы павінна быць на месцы. Таму яшчэ раз выбачайце, але я павінна ехаць і быць побач са сваім народам".

© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь