Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Сустрэча з прэзідэнтам Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янезам Качыянчычам

1 сакавіка 2018 года

Падрыхтоўка да II Еўрапейскіх гульняў абмяркоўвалася 1 сакавіка на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янезам Качыянчычам.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў кіраўніка ЕАК, як ён ацэньвае падрыхтоўку Беларусі да правядзення ў наступным годзе II Еўрапейскіх гульняў, ці ёсць у яго якія-небудзь заўвагі або пажаданні. "У нас сапраўды ёсць аб чым пагаварыць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Янез Качыянчыч адзначыў, што Еўрапейскія алімпійскія камітэты задаволены працэсам падрыхтоўкі да маючых адбыцца спаборніцтваў. "Вашы супрацоўнікі вельмі добра ажыццяўляюць сваю работу. Мы ўжо знаходзімся на завяршальнай стадыі падрыхтоўчага працэсу. І аргкамітэт, і прафесійныя супрацоўнікі выконваюць сваю работу на вельмі высокім узроўні", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў прэзідэнта ЕАК, Беларусь апраўдала ўсе чаканні. "Мы ведалі, што так і будзе, таму што ў Беларусі шмат вопыту ў галіне арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў", - канстатаваў Янез Качыянчыч.

Ён таксама павіншаваў беларускі бок з паспяховым выступленнем на зімовай Алімпіядзе, што прайшла ў Пхёнчхане. "15-е месца ў свеце - гэта сапраўды дасягненне. І вы тым самым пацвярджаеце высокі ўзровень беларускага спорту", - заявіў кіраўнік ЕАК.

Тэгі: Сустрэчы
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь