Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з прэзідэнтам Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янезам Качыянчычам

29 лістапада 2017 года

Беларусь забяспечыць падрыхтоўку да II Еўрапейскіх гульняў 2019 года на самым высокім узроўні. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 лістапада на сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янезам Качыянчычам.

"Вы павінны ведаць, што ў Беларусі ў вас моцная кропка апоры. Вы заўсёды можаце разлічваць на нашу краіну. Тым больш наперадзе ў нас такая вялікая, знакавая падзея (II Еўрапейскія гульні 2019 года), і нам трэба будзе вельмі шмат зрабіць, - сказаў Прэзідэнт. - Нашы прадстаўнікі зусім нядаўна дакладвалі аб сітуацыі, звязанай з падрыхтоўкай да II Еўрапейскіх гульняў. Хачу вас запэўніць, што ўсё, што мы паабяцалі, да сярэдзіны 2019 года будзе мадэрнізавана, пабудавана і апрабавана. І вы не будзеце мець ніякіх праблем ні з гасцямі - іх рассяленнем, харчаваннем, - ні са спартсменамі, трэнерамі, спецыялістамі, функцыянерамі алімпійскіх камітэтаў. Мы зробім гэта, як і ўласціва Беларусі, вельмі душэўна, адкрыта".

"Гэта будуць лепшыя Еўрапейскія гульні. Таму што гэтай алімпіядай будзе жыць увесь беларускі народ. Гэта не будзе лакальнае мерапрыемства. І ўсе нашы суседзі будуць ведаць, што тут алімпіяда, для іх будуць адкрыты ўсе дзверы. Мы запросім усіх, хто захоча пабываць у нашай краіне. Гэта я вам гарантую", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама павіншаваў Янеза Качыянчыча з выбраннем кіраўніком Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў і пажадаў яму поспехаў на гэтай пасадзе. "Мы вельмі перажывалі за тое, хто стане кіраўніком. Вы ведаеце маё стаўленне да таго, што адбылося з былым кіраўніком гэтай нашай арганізацыі. І, вядома ж, мы вельмі хацелі, каб была захавана пераемнасць. З гэтага мы зыходзілі. Таму наш кандыдат (я вельмі рады, што гэта кандыдат усіх алімпійскіх камітэтаў Еўропы) перамог", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Янез Качыянчыч адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка запрасіў яго ў Беларусь адразу ў дзвюх якасцях - Прэзідэнта краіны і Прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта. "Вы адзін з тых лідараў, на якіх трымаецца свет. І калі вы абяцаеце, што ўсё будзе арганізавана добра, значыць, так яно і будзе", - заявіў ён.

"Мы вельмі задаволены тым, як ідзе падрыхтоўка. Мы цалкам укладваемся ў часавы графік. І я ўпэўнены, што Еўрапейскія гульні ў Мінску будуць самымі лепшымі ў гісторыі", - дадаў Янез Качыянчыч.


Тэгі: Сустрэчы
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь