Сустрэча з прэзідэнтам ЕБРР Сумам Чакрабарці

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на актыўную падтрымку Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця малога і сярэдняга бізнесу ў краіне. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 14 верасня на сустрэчы з прэзідэнтам ЕБРР Сумам Чакрабарці.

Беларусь і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця супрацоўнічаюць ужо доўгія гады. "Кажуць, што дыялог - гэта прадвеснік добрых, вялікіх спраў. Але ў гэтым выпадку ў нас дыялог з'яўляецца не толькі прадвеснікам вялікіх спраў, а іх прадаўжэннем. За час работы вы інвесціравалі ў Беларусь амаль $2 млрд. Гэта вельмі вялікія грошы. Што радасна (я гэта вельмі высока цаню), гэтыя грошы працуюць непасрэдна на людзей, гэта звязана з беларускім народам. Вы інвесціруеце ў тыя сферы, якія аказваюць паслугі нашаму насельніцтву", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што бакі маюць агульную мэту - эфектыўнае выкарыстанне дзяржаўнай уласнасці. " Вы ведаеце нашы падыходы да працэсаў прыватызацыі. Мы вельмі дасканала і акуратна падыходзім да продажу дзяржаўных актываў, і тым не менш мы з вамі супрацоўнічаем - з кампаніяй, агенцтвам, якое за эфектыўную прыватызацыю дзяржаўнай уласнасці. Думаю, наша стрыманасць у прыватызацыі дзяржуласнасці і ваша галоўная задача - больш актыўная прыватызацыя - здаецца, такія супярэчлівыя працэсы - у жыцці ўзбагачаюць адзін аднаго, - сказаў беларускі лідар. - Мы шмат чаму вучымся ў вас, у вас вялікі вопыт. А вы, назапашваючы гэты вопыт, усё ж такі бачыце нейкае рацыянальнае зерне і ў беларускіх падыходах да продажу дзяржаўнай уласнасці. Але мэта ў нас адна - эфектыўнае выкарыстанне дзяржаўнай уласнасці, тых актываў, якія мае дзяржава".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што бакі супрацоўнічаюць па многіх напрамках. Беларусь разлічвае таксама на актыўную падтрымку малога і сярэдняга бізнесу ў краіне Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. "Мы цяпер выключную ўвагу вырашылі ўдзяліць гэтаму напрамку развіцця эканомікі нашай краіны. Будучая пяцігодка будзе накіравана менавіта на тое, каб разняволіць ініцыятыву канкрэтных людзей, невялікіх калектываў, надаць большую дынаміку здольнасцям чалавека, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Маючы ў краіне стабільнасць, бяспеку і кіруемасць, мы хацелі б прадаставіць ініцыятыўным людзям больш свабоды ў самарэалізацыі, перш за ўсё ў вытворчай сферы, у сферы паслуг. Мы вельмі разлічваем на вашу падтрымку".

Асаблівую ўвагу ён прапанаваў таксама ўдзяліць развіццю беларускай інфраструктуры, якая абслугоўвае не толькі саму краіну, але і ўвесь кантынент. "Так склалася, што Беларусь стала для еўрапейцаў і азіятаў найбольш прывабнай, стабільнай і бяспечнай тэрыторыяй, праз якую перамяшчаюцца людзі, тавары, грузы, паслугі. Сотні мільёнаў тон толькі грузаў. Вядома, нягледзячы на тое, што ў нас нядрэнная інфраструктура і яна пакуль спраўляецца з гэтымі патокамі, нам трэба думаць аб тым, каб яна была на самым вышэйшым еўрапейскім узроўні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што ЕБРР ужо інвесціруе ў развіццё дарожнай сеткі ў Беларусі, і краіна ўдзячна банку за гэта. Але гэтага, на яго думку, недастаткова. Так, вядуцца перагаворы па пракладцы больш шырокай магістралі па поўдні Беларусі. "Каб паўднёвы паток Кітая, Цэнтральнай Азіі, Расіі перахапіць і накіраваць праз поўдзень, праз Гомель на Брэст у Еўропу. Мы гатовы аказаць гэту паслугу, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Я ўсё гэта гавару для таго, каб еўрапейцы і вы таксама разумелі, што, прадастаўляючы нам пэўную падтрымку, вядома, робіце карысць для нас, але гэта двухбаковы працэс, гэта карысна і для Еўропы ў тым ліку. Мы хацелі б, каб вы гэта ўлічвалі, калі мы вядзём перагаворы па тых ці іншых праектах".

У 2018 годзе ў Беларусі плануецца завяршыць асноўныя работы па мадэрнізацыі гродзенскай трасы, якія ідуць пры падтрымцы ЕБРР. "Калі б мы больш аператыўна разгарнуліся, то да канца будучага года спакойна маглі б перакідваць магутнасці на будаўніцтва паўднёвага калідора, ён вельмі важны цяпер для Еўропы. Мы гатовы пабудаваць дарогу танней, чым любая іншая еўрапейская ці азіяцкая кампанія", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі бок гатовы абмяркоўваць і іншыя праекты, у тым ліку ў банкаўскай сферы, у галіне зялёнай энергетыкі, водных рэсурсаў і абыходжання з адходамі.

У сваю чаргу Сума Чакрабарці адзначыў, што Беларусь і ЕБРР дабіліся значнага прагрэсу ў сумеснай дзейнасці. "Гэтыя змяненні былі б немагчымыя без Вашага кіравання гэтымі працэсамі. Ваша кіраўніцтва задало курс і вашай камандзе, і нашаму банку", - падкрэсліў ён.

Па выніках сустрэчы было канстатавана, што супрацоўніцтва Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця з Беларуссю выйшла на стратэгічны ўзровень. Гэта азначае, што бакі маюць намер паглыбляць узаемадзеянне. У прыватнасці, будзе распрацавана дарожная карта па развіцці адносін, у якой будуць абазначаны тэрміны рэалізацыі розных праектаў.