Сустрэча з Прэзідэнтам Арменіі Арменам Саркісянам

  • 1

У адносінах Беларусі і Арменіі няма закрытых тэм. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 ліпеня на сустрэчы з Прэзідэнтам Арменіі Арменам Саркісянам.

"Для нас няма закрытых тэм з Арменіяй. Любыя вашы пажаданні, памкненні, калі вы бачыце нешта ў Беларусі, прымальнае для Арменіі, мы заўсёды гатовы адкрыць для вас дзверы", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка свайго армянскага калегу.

Кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў, што калі Армен Саркісян прыйшоў на пасаду Прэзідэнта Арменіі, была дасягнута дамоўленасць аб яго візіце ў Беларусь, каб пабываць у знакавых з пункту гледжання развіцця эканомікі месцах. Рэалізаваць гэтыя дамоўленасці на практыцы ўдалося цяпер.

Прэзідэнт Беларусі згадаў аб сваёй тэлефоннай размове з Прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам. "Ён патэлефанаваў перад сваім візітам у Сінгапур, прасіў перадаць прывітанне Прэзідэнту. На што я яму сказаў: і не думай нават, мы яго прыспешваць у Арменію не маем намеру. Тым больш што ён займаецца патрэбнымі для Арменіі справамі", - расказаў беларускі лідар. Ён прапанаваў Армену Саркісяну затрымацца яшчэ на некаторы час у Беларусі. "Вы, сапраўды, не спяшайцеся назад. Паглядзіце тое, што вас цікавіць з пункту гледжання развіцця эканомікі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі. Вы як чалавек талковы, разумны, адукаваны, больш таго, практычны ведаеце, што паглядзець і што важна і карысна для Арменіі", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што супрацоўніцтва Беларусі і Арменіі пачыналася фактычна з нуля. "Сёння мы хоць і не маем вялікага тавараабароту, але за $50 млн гадавых - гэта нядрэнная дынаміка, калі яе параўноўваць з тымі нулявымі паказчыкамі", - канстатаваў ён. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі дзелавых колаў. "У нас склаліся вельмі добрыя, цёплыя адносіны са многімі прадстаўнікамі Арменіі, у тым ліку і прыватнага бізнесу. Вы ведаеце іх, маіх сяброў у Арменіі, якія інвесціруюць у Беларусь. Я вельмі ўдзячны", - сказаў Прэзідэнт.

Разам з тым ён падкрэсліў адзінае патрабаванне для ўсіх, хто мае намер весці бізнес у Беларусі. "У мяне адно правіла: дружба дружбай, а дзяржава - гэта ўсё асобна. Мая служба з гэтым звязана быць не павінна. Калі да мяне звярнуліся за дазволам на пастаўку нейкіх тавараў, асабліва адчувальных для Беларусі, я адразу сказаў: агульныя прынцыпы. Прыходзіш у Беларусь, адкрываеш прадпрыемства, ствараеш рабочыя месцы, інвесціруеш - пастаўляй, калі ласка, сыравіну, дапрацоўвай", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Па такім прынцыпе вядомым прадпрымальнікам Гагікам Царукянам было арганізавана ў Беларусі прадпрыемства па разліве армянскага каньяку. "Гэтак жа мы арганізавалі работу беларуска-армянскага гандлёвага дома, і, як мне дакладваюць, 30-40% тавараабароту паміж Беларуссю і Арменіяй ідзе праз яго. Гэта значыць, мы прыцерліся ўжо ў эканоміцы ў плане нашага супрацоўніцтва, асновай якога з'яўляецца стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Мы гатовы ісці гэтым шляхам", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў добрыя адносіны, якія склаліся паміж краінамі як на высокім палітычным узроўні, так і на ўзроўні асабістых узаемаадносін грамадзян. "Да армян у Беларусі вельмі добрае, цёплае стаўленне. Наогул наш народ такі, што не прад'яўляе асаблівых прэтэнзій ні да аднаго з народаў. Галоўнае, каб гэта было на аснове павагі, брацкага стаўлення. З армянамі заўсёды былі добрыя адносіны, што мы і спрабуем падтрымліваць", - дадаў Прэзідэнт.

Нягледзячы на крытыку, якая часам гучыць з абодвух бакоў і якая, зразумела, можа ўзнікаць у адносінах паміж краінамі, супрацоўніцтва Беларусі і Арменіі застаецца моцным і надзейным. "Галоўнае, што мы з вамі саюзнікі, дзейнічаем з аднолькавых пазіцый, у нас у прынцыпе няма разыходжанняў нават па міжнародным парадку дня. У гэтым ключы мы заўсёды будзем дзейнічаць", - рэзюмаваў беларускі лідар.

У сваю чаргу Армен Саркісян падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за запрашэнне наведаць Беларусь і прысутнічаць на закрыцці II Еўрапейскіх гульняў. "Абсалютна ўражаны і размахам, і арганізаванасцю, і дысцыплінай, - прызнаўся ён. - Мне здаецца, што Беларусь гатова да больш маштабнага мерапрыемства". Прэзідэнт Арменіі адзначыў вельмі дастойнае выступленне на гульнях спартсменаў сваёй краіны, а таксама павіншаваў з поспехам беларускую нацыянальную каманду.

Армен Саркісян таксама падзяліўся ўражаннямі ад наведвання Парка высокіх тэхналогій, дзе ён быў прыемна ўражаны ўбачаным. "Мне вельмі спадабалася, што Беларусь - наперадзе многіх, што ў Беларусі зразумелі: у будучым віртуальная рэальнасць будзе толькі дапаўняць", - сказаў ён.

Прэзідэнт Арменіі асабліва адзначыў правільнасць выбранага ў Беларусі шляху развіцця і ролю Кіраўніка дзяржавы, які паўплываў на гэты выбар. "У вас ёсць бачанне будучыні і мудрасць. Гэта не проста прыемныя словы. Гэта рэальнасць, - падкрэсліў ён. - Бачанне будучыні - гэта велізарны дар палітыка, таму што без гэтага складана будаваць сучаснасць".

Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся падарункамі. Аляксандр Лукашэнка ўручыў свайму калегу сувеніры II Еўрапейскіх гульняў - пано з моранага дубу з замацаванымі на ім медальёнамі, якія сімвалізуюць 15 відаў спорту, прадстаўленых на форуме, эксклюзіўны набор шакаладу і талісман гульняў - лісяня Лесіка. Апошні, як прызнаўся Армен Саркісян, вельмі дарэчы. Ён павіншаваў Прэзідэнта Беларусі з надыходзячым дзяржаўным святам - Днём Незалежнасці, адзначыўшы, што гэта дата супадае з днём нараджэння яго ўнука, якога таксама завуць Армен. Яму армянскі лідар якраз і падорыць Лесіка.

У сваю чаргу Армен Саркісян падарыў Аляксандру Лукашэнку папірус, які пабываў у Іерусаліме, з напісанай на ім малітвай "Ойча наш".