Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Мазамбіка Алберту Вакіна

  • 1

Мазамбік можа стаць адным з апорных пунктаў для Беларусі ў Афрыцы. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 ліпеня  на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Мазамбіка Алберту Вакіна.

"Мы апошнім часам вельмі інтэнсіўна шукаем пункты апоры ў Афрыцы - тыя дзяржавы, з якімі маглі б супрацоўнічаць. Адной з такіх дзяржаў, мяркуем, мог бы стаць Мазамбік", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў надзею, што ў выніку візіту Прэм'ер-міністра Мазамбіка ў Беларусь бакі дасягнуць значнага прагрэсу ў двухбаковых адносінах. Паводле слоў Прэзідэнта, паспяховаму развіццю гэтага працэсу ў тым ліку можа садзейнічаць гісторыя адносін, якая бярэ пачатак з савецкіх часоў. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Мазамбік з'яўляецца вельмі перспектыўнай і багатай дзяржавай, перш за ўсё сваімі нетрамі. "За такімі, як Мазамбік, будучыня", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт канстатаваў, што эканомікі дзвюх краін узаемадапаўняльныя і не канкурыруюць адна з адной. Разам з тым ён заўважыў, што двухбаковы тавараабарот, які знаходзіцца на ўзроўні прыкладна $10 млн, не адпавядае патэнцыялу дзвюх дзяржаў. "У нас да гэтага часу не створана нарматыўна-прававая база нашых адносін, і Ваш візіт паслужыць інтэнсіфікацыі адносін і ў гэтай частцы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы павінны ведаць, што тут для вас не чужыя людзі. Мы гатовы з вамі супрацоўнічаць па ўсіх напрамках, закрытых тэм для супрацоўніцтва ў нас няма", - дадаў беларускі лідар.