Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам

  • 35

Беларусі і Малдове трэба больш актыўна развіваць сумесныя прадпрыемствы і ствараць новыя вытворчасці, так краіны змогуць выйсці на новы ўзровень эканамічнага супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў 19 красавіка ў час перагавораў з Прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам.

Кіраўнік малдаўскага ўрада адзначыў, што адносіны паміж дзвюма краінамі грунтуюцца на дружбе і дабраце. "Але ў той жа час трэба сказаць, што нас звязвае не толькі сентыментальная дружба. Нашы адносіны яшчэ грунтуюцца на канкрэтных, прагматычных праектах", - звярнуў увагу Павел Філіп.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што яшчэ ў савецкія гады Беларусь пастаўляла ў Малдову сваю прадукцыю. З цягам часу яна не страціла тут сваёй папулярнасці. "Нам проста з вамі супрацоўнічаць. Вы вырабляеце ўсё, што мы купляем. Мы вырабляем тое, што патрэбна вам. Нам не трэба канкурыраваць, нам патрэбны спалучэнне, дамоўленасці аб узаемных пастаўках прадукцыі", - упэўнены беларускі лідар.

Прэзідэнт расказаў, што часта бываў у Малдове, у тым ліку ў час службы ў арміі, і заўсёды з цеплынёй успамінае гэтыя часы. "Калі я заплюшчваю вочы, бачу вялікі квітнеючы сад і ў ім у прыгожых дамах жывуць людзі. Гэта мае ўспаміны з савецкага часу", - прызнаўся ён.

На перагаворах у пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый бакі падрабязна абмеркавалі пытанні пашырэння эканамічных сувязей у розных галінах, уключаючы сельскую гаспадарку, харчовую прамысловасць, вытворчую кааперацыю, інфраструктурныя праекты. Асобная ўвага была ўдзелена рабоце ўжо існуючых і стварэнню новых сумесных прадпрыемстваў, развіццю супрацоўніцтва ў энергетыцы, гуманітарнай сферы і праваахоўнай дзейнасці.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусі і Малдове трэба больш актыўна развіваць сумесныя праекты, ствараць новыя прадпрыемствы, шукаць новыя напрамкі для супрацоўніцтва. "Дзве тысячы ліфтаў, паводле даных вашага ўрада, трэба мяняць. Ліфты робяць у нас, прычым выйшлі з імі на касмічны ўзровень. Чаму мы не можам тут іх збіраць? Можам. Трэба аўтобусы - давайце будзем разам вырабляць", - прапанаваў Прэзідэнт.

На яго думку, так Беларусь і Малдова выйдуць на новы ўзровень эканамічнага супрацоўніцтва. "Мы за гэта грошы з вас не бяром. Мы гатовы акрамя ўсяго іншага - і гэта галоўнае (не сумесныя прадпрыемствы, не тавар) - людзей навучыць. У вас з'явяцца новыя кадры і прадпрыемствы", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Беларусь і Малдова маюць намер рэалізаваць шэраг канкрэтных праектаў. У прыватнасці, пад Кішынёвам плануецца пабудаваць малочнатаварны комплекс на аснове беларускіх тэхналогій. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта будзе ўзорна-паказальны праект, які стане добрым прыкладам сумеснага супрацоўніцтва. Па выніках перагавораў Беларусь і Малдова заключылі дзесяць дакументаў аб развіцці адносін у розных галінах. Падпісаныя пагадненні і дагаворы датычацца пашырэння гандлёвага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва ў сферах аховы здароўя, энергетыкі, навукі і па праваахоўнай тэматыцы. Дамоўленасці аб развіцці адносін з малдаўскімі рэгіёнамі на паперы замацавалі кіраўнікі Гомельскай вобласці, Жодзіна і Ганцавіцкага раёна.

Ёсць перспектывы па стварэнні новых зборачных вытворчасцей. З улікам планаў па абнаўленні аўтобуснага парку ў сталіцы Малдова прадоўжыць закупляць беларускую пасажырскую тэхніку. У перспектыве бакі плануюць адкрыць у Кішынёве вытворчасць аўтобусаў на базе прадпрыемства па зборцы беларускіх тралейбусаў. Гэту прадукцыю можна будзе пастаўляць на рынак Еўрапейскага саюза, з якім у Малдовы падпісана пагадненне аб зоне свабоднага гандлю.

Акрамя таго, Беларусь прапануе пашырыць лінейку беларускіх трактароў, якія збіраюцца ў Малдове, за кошт запуску вытворчасці невялікай тэхнікі.

Беларускія прадпрыемствы гатовы пачаць і дарожнае будаўніцтва ў Малдове. Яны ўжо ўдзельнічаюць у адпаведных тэндарах. Кіраўнік дзяржавы запэўніў малдаўскі бок, што ў дарог, пабудаваных беларускімі спецыялістамі, высокая якасць і тэрмін прыгоднасці некалькі дзясяткаў гадоў.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што Малдове акажуць падтрымку ў адкрыцці новых перапрацоўчых вытворчасцей у Беларусі, каб у далейшым прадукцыя пастаўлялася на рынкі трэціх краін. "Прыязджайце, мы вам акажам адпаведную падтрымку. Прычым можаце не перажываць наконт нейкага жульніцтва, што вас хто-небудзь падмане. Гэтага ў Беларусі няма і быць не можа. Мы трымаем гэта на строгім кантролі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Краіны маюць намер умацоўваць супрацоўніцтва і ў гуманітарнай сферы. Так, Беларусь гатова навучыць у сябе для Малдовы высакакласных спецыялістаў для прамысловых прадпрыемстваў.

"Самы важны праект, які мы хацелі б рэалізаваць з малдаўскім кіраўніцтвам, - гэта падрыхтоўка спецыялістаў для Малдовы. Усё добра: аўтобусы збяром, паглыбім лакалізацыю тут. Але, калі не будзе людзей, якія ўмеюць вырабляць і эксплуатаваць гэту тэхніку, будзе бяда", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што такія прапановы Беларусь агучвае толькі сваім сябрам, паколькі рэалізаваць іх затратна, а асаблівасцямі падрыхтоўкі кадраў і тэхналогіямі не прынята раскідвацца. "Мы можам вельмі хутка, на працягу некалькіх месяцаў у Мінску рыхтаваць для вас інжынераў. Яны вернуцца да вас майстрамі і будуць збіраць аўтобусы, ажыццяўляць лакалізацыю іншых прадпрыемстваў і паралельна вучыць іншых", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

З просьбай да беларускага боку аб падрыхтоўцы кадраў па тэхналагічных спецыяльнасцях звярнуўся Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. "Мы гатовы вам як сваім блізкім людзям, братам, дапамагчы падрыхтаваць людзей па асноўных напрамках", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Бакі дэталёва прапрацуюць гэтыя пытанні, адпаведныя даручэнні дадзены ўрадам і профільным ведамствам абедзвюх краін.

Развіваецца ўзаемадзеянне ў фармацэўтычнай галіне. Малдаўскі бок зацікаўлены купляць вырабленыя Беларуссю лякарствы, паколькі ведае аб іх высокай якасці. Таксама прываблівае цана беларускай прадукцыі. Акрамя гэтага, Малдова плануе пабудаваць у Беларусі фармацэўтычнае прадпрыемства поўнага цыкла.

Пасля афіцыйных перагавораў Аляксандр Лукашэнка наведаў замак Мімі, размешчаны недалёка ад Кішынёва ў вёсцы Булбаака. Павел Філіп расказаў Прэзідэнту аб гісторыі гэтых месц, іх былым уладальніку і стваральніку замка - апошнім губернатары Бесарабіі, вядомым малдаўскім вінаробе Канстанціне Мімі. Затым у гонар Прэзідэнта Беларусі быў дадзены рабочы сняданак ад імя Прэм'ер-міністра Малдовы.

Паралельна з візітам Прэзідэнта ў Кішынёве прайшоў беларуска-малдаўскі форум дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Па яго выніках падпісана 16 пагадненняў і кантрактаў на агульную суму $20 млн.