Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам
- 1
Беларусь гатова дапамагчы Малдове ў стварэнні сумесных прадпрыемстваў і развіцці прамысловай базы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 верасня на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам у Бішкеку.
"Вы ведаеце маё шчырае стаўленне да Малдовы. І ўсё, што я гаварыў у час свайго афіцыйнага візіту да вас, застаецца ў сіле. Нават больш таго: усё, што вы пажадаеце, мы можам; усё, што трэба Малдове, у нас ёсць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На сустрэчы было адзначана, што ў Малдове ўжо створаны сумесныя прадпрыемствы дзвюх краін, вядуцца работы па арганізацыі новых вытворчасцей. "Калі вы выбераце яшчэ нешта і будзеце зацікаўлены ў пераносе нашай вытворчасці ў Малдову, вы нам скажыце, падтрымайце з боку ўрада, і я вам даю гарантыю, што мы на працягу максімум года арганізуем у вас любую вытворчасць, - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. - У тым ліку мы зацікаўлены ў тым, каб і лакалізацыя ішла вялікая. Мы не настойваем, каб прывезлі па частках трактар і арганізавалі ў вас "адвёртачную" вытворчасць. Не, мы будзем садзейнічаць таму, каб вырабляць у Малдове ўсё, што магчыма. Галоўнае, каб якасць прадукцыі была добрай".
Беларусь таксама гатова павялічыць пастаўкі ў Малдову прадуктаў харчавання і нафтапрадуктаў, дапамагаць у развіцці прамысловай базы сельскай гаспадаркі, станка- і машынабудавання. "Пры гэтым мы не зацікаўлены задзіраць цэны. Вы ў нашай асобе будзеце заўсёды мець надзейных сяброў. Я перагавару з Прэм'ер-міністрам, каб менавіта такой пазіцыі ён прытрымліваўся ў час свайго афіцыйнага візіту ў Малдову. Галоўнае, каб вы нам сказалі, што трэба. Усё, што мы зможам зрабіць для вас, мы абавязкова зробім, прытым як ніхто іншы", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што і рынак Беларусі адкрыты для малдаўскай прадукцыі, у прыватнасці вінаробнай. "Галоўнае, каб яна была якаснай і пастаўлялася без шэрых схем. Вы ведаеце нашу ў гэтым плане прынцыповасць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Прэм'ер-міністр Малдовы выказаў Аляксандру Лукашэнку ўдзячнасць за сустрэчу і пацвердзіў зацікаўленасць краіны ў прадаўжэнні развіваць партнёрства з Беларуссю ў розных сферах. "Пасля таго як вы наведалі Малдову, нашы адносіны сталі развівацца яшчэ больш дынамічна. Для нас гэта вельмі важна, - заявіў Павел Філіп. - Улічваючы тую хуткасць, з якой мы пачалі рухацца, мы абавязкова даб'ёмся поспеху".