Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Індыі Нарэндрам Дамадардасам Модзі

  • 12

Беларуска-індыйскім адносінам неабходна надаць дадатковы імпульс. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Ташкенце на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Індыі Нарэндрам Дамадардасам Модзі.

"Нашы адносіны развіваюцца даволі дынамічна. Але ў апошнія гады я адчуваю, што патрэбны дадатковы імпульс і штуршок для развіцця гэтых адносін", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў час візіту Прэзідэнта Індыі ў Беларусь, бакі дамовіліся аб тым, каб прыкладна да 2018 года дасягнуць узроўню тавараабароту $1 млрд. "Зразумела, пад гэты мільярд нам трэба стварыць нейкую эканамічную дарожную карту, каб дасягнуць гэтага рубяжа", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, паміж Беларуссю і Індыяй створана дастатковая дагаворна-прававая база, каб адносіны маглі паспяхова развівацца. Бакі таксама рэалізуюць шэраг сур'ёзных двухбаковых праектаў, у прыватнасці, у сферы фармакалогіі і па іншых напрамках. "У нас вельмі добра развіваецца супрацоўніцтва паміж акадэміямі навук. Навукова-тэхнічныя праекты ў сферах энергетыкі, космасу, "зялёнай індустрыі", нана- і біяіндустрыі, робататэхнікі, фармацэўтыкі, атамнай энергетыкі атрымалі сваё развіццё паміж Індыяй і Беларуссю, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы сур'ёзна рыхтуемся да таго, каб у лістападзе 2016 года наведаць міжнародны гандлёвы кірмаш у Нью-Дэлі, дзе ўжо сёння запланавана правядзенне Дзён беларускай навукі ў Індыі".

"Словам, у нас ёсць добрыя напрамкі супрацоўніцтва, але я лічу, што на гэтым спыняцца нельга. Трэба рухацца наперад. І мы, вядома ж, чакаем вашай большай прысутнасці ў цэнтры Еўропы. Для вялікай Індыі гэта будзе нядрэнна, і мы гатовы рэалізаваць вашы інтарэсы ў Беларусі настолькі, наколькі гэта вам выгадна", - дадаў беларускі лідар.