Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам

14 мая 2018 года

У адносінах Беларусі і Арменіі няма і не будзе праблем. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 мая на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам на палях пасяджэння ў Сочы Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

"Я чакаў гэтай сустрэчы. Нам сапраўды варта пагаварыць. Наўрад ці мы канцэптуальна паспеем на кароткай назе абмеркаваць усе праблемы, якія ў свеце існуюць, вакол нас. Не думаю, што ў нашых адносінах ёсць ці будуць нейкія праблемы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў гатоўнасць падрабязна расказаць новаму Прэм'еру Арменіі аб развіцці адносін паміж дзвюма краінамі, дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза. "Вельмі важна, каб вы ад мяне пачулі тое, што датычыцца Беларусі і нашага стаўлення да брацкага армянскага народа і вашай дзяржавы. Таму гэта вельмі важная сустрэча, - заявіў беларускі лідар. - Наогул, вы малайцы. Вы вельмі дастойна і правільна выйшлі з гэтай сітуацыі, вы гэта самі ўжо адчулі. Мы рады за вас".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што нядаўна абмяркоўваў з Прэзідэнтам Арменіі развіццё сітуацыі ў Ерэване. Было прынята рашэнне накіраваць туды беларускіх журналістаў для аб'ектыўнага, без скажэння асвятлення падзей. "Я вельмі ўдзячны і яму, і вам, і вашым людзям. Нашы журналісты сустракаліся з прадстаўнікамі вашага штаба і атрымалі аб'ектыўную карціну", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Ён яшчэ раз павіншаваў Нікола Пашыняна з выбраннем Прэм'ер-міністрам Арменіі і пажадаў поспехаў на гэтай пасадзе. "На нас вы можаце разлічваць, як і раней. Наша палітыка ў адносінах да вельмі блізкага нам армянскага народа ніколі не зменіцца. Гэта я вам абяцаю. Яна будзе такой жа канструктыўнай, дружалюбнай", - запэўніў Прэзідэнт.

© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь