Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым і Старшынёй Праўлення Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам

  • 1

Банкаўская сістэма павінна садзейнічаць эфектыўнай рабоце эканомікі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 чэрвеня ў час рабочай сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым і Старшынёй Праўлення Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён апошнім часам спецыяльна не ўмешваецца ў пытанні развіцця банкаўскай сістэмы, валютнага рынку і грашова-крэдытнай сферы. Разам з тым ён падкрэсліў, што галоўнае - не спыніць і не застопарыць работу эканомікі. "Усе сістэмы (у банкаўскай сферы) павінны быць нармальнымі, празрыстымі і зразумелымі для нашых партнёраў, у тым ліку рыначнікаў на Захадзе. Я гэтага не адмаўляю. Але эканоміка павінна працаваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Інфармацыя паступае, што не ўсюды так, мякка кажучы. Таму галоўнае для нас, каб працавала эканоміка", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Адной з галоўных тэм сустрэчы таксама стала маючая адбыцца ў Беларусі дэнамінацыя. "Я атрымліваю інфармацыю аб тым, што Нацбанк і Урад правялі грунтоўную работу, каб спакойна перайсці на новую валюту. Народ гэтага чакае. Гэта датычыцца кожнага, - сказаў Прэзідэнт. - Таму сур'ёзны момант, і палітычны. Трэба, каб гэта добра было арганізавана".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што дэнамінацыя, якая, магчыма, у нейкай ступені з'яўляецца непапулярным мерапрыемствам, праводзіцца напярэдадні палітычнай кампаніі, парламенцкіх выбараў. "Гэта сведчыць аб тым, што мы нікога не баімся, мы - дзяржаўныя людзі, а не толькі нейкія там палітыкі. А дзяржаўныя людзі заўсёды думаюць аб перспектывах, развіцці дзяржавы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У пачатку сустрэчы Прэзідэнт таксама паведаміў аб новым дасягненні беларускага ваенна-прамысловага комплексу. "Я крыху затрымаўся. У нас сёння шчаслівы дзень у плане бяспекі і абароны. Нашым ваенным за тыя невялікія грошы, якія ім далі, удалося распрацаваць і выпрабаваць ужо сёння створанае ў Беларусі ракетнае ўзбраенне. Ажыццёўлены пуск ракетных комплексаў. Выпрабаванні прайшлі вельмі паспяхова. Гэта ракетныя комплексы, якія створаны ў нас у Беларусі на працягу двух гадоў", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў Андрэю Кабякову разгледзець пытанне аб прадстаўленні да дзяржаўных узнагарод тых, хто ўнёс свой уклад у стварэнне адпаведнага ўзбраення. "Прытым без усялякіх абмежаванняў. Хто заслужыў, павінны атрымаць гэтыя ўзнагароды. Гэта велізарнае дасягненне", - дадаў Прэзідэнт.