Сустрэча з прадстаўніком Прэзідэнта Афганістана Махамадам Шакерам Каргарам

  • 1
У Беларусі настроены на развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Афганістанам. Аб гэтым 22 чэрвеня заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком Прэзідэнта Афганістана па супрацоўніцтве з краінамі СНД Махамадам Шакерам Каргарам.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна адбылася яго тэлефонная размова з Прэзідэнтам Афганістана. "Ён выказаў шэраг пажаданняў, я таксама прапанаваў яму шэраг напрамкаў нашага супрацоўніцтва. Ведаю, што Афганістан мае патрэбу сёння ў пэўнай эканамічнай, ваенна-палітычнай падтрымцы ў выніку тых працэсаў, якія там адбываюцца", - адзначыў беларускі лідар.

Беларускі бок разлічвае, што сустрэча са спецпрадстаўніком Прэзідэнта Афганістана стане зыходным пунктам супрацоўніцтва па шэрагу пытанняў. "Мы з вамі абмяркуем сёння некалькі напрамкаў нашага бліжэйшага супрацоўніцтва і актуальных пытанняў і прымем адпаведнае рашэнне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да спецпрадстаўніка Прэзідэнта Афганістана. У Беларусі, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, разлічваюць, што гэта стане пралогам да шэрага "канкрэтных рухаў насустрач адзін аднаму па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі і ўсе ў рэгіёне на ўсходзе ад яе аддаюць належнае Афганістану за барацьбу, якую вядзе гэта краіна супраць сусветнага тэрарыстычнага руху.