Сустрэча з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка чакае ад беларускіх пісьменнікаў ідэй, герояў і твораў, якія змогуць зацікавіць чалавека ХХI стагоддзя. Аб гэтым ён заявіў 23 кастрычніка на сустрэчы з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі.

"У чым прычына таго, што за мінулыя 20-30 гадоў так і не з'явіліся сучасныя "Вайна і мір", "Узнятая цаліна"? Гэта што, адсутнасць талентаў? Або аб'ектыўныя ўмовы жыцця, калі кніга перастае быць галоўнай крыніцай інфармацыі?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не трэба звязваць змены ў чытацкай свядомасці толькі з тэхналагічнай рэвалюцыяй. На яго думку, напружаны рытм жыцця зрабіў стаўленне да літаратуры прагматычным. "Наш сучаснік выбірае кнігі, якія ўражваюць яго тэмай, героямі або становяцца лякарствам ад суму. Сур'ёзная літаратура ператвараецца ў чытанне для інтэлектуалаў", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў пабудаваць размову вакол галоўных кампанентаў літаратурнай справы: чытач, кніга, пісьменнік. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў зале сабраліся цікавыя, неардынарныя людзі, з якімі можна паразмаўляць не толькі аб стане беларускай літаратуры, але і шырэй - аб духоўнасці, культуры, гістарычным выбары Беларусі.

"Вучоныя сцвярджаюць, што эканамічныя, палітычныя, ваенныя перавагі дзяржавы не ажыццяўляюцца самі па сабе. Яны заўсёды частка і вынік яе духоўнасці і культуры. Развіццё грамадства, жыццё нацыі магчымы толькі з апорай на вечную трыяду: навуку, адукацыю, культуру", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, прапанаваўшы пагаварыць аб тым, якую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае мастацкая літаратура.

"Хацелася б пачуць ваша меркаванне аб тым, як сёння захаваць і развіць літаратурныя традыцыі і пры гэтым не адштурхнуць асноўную масу чытаючай публікі. Ці магчыма прапанаваць сучаснаму чалавеку цікавую яму кнігу, а пісьменніку знайсці свайго чытача?" - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не верыць у надыход заняпаду літаратурнай эпохі ў Беларусі.

"У жыцці нашага народа літаратура заўсёды была сродкам пазнання свету і выхавання асобы, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Нездарма паэзія і проза Купалы і Коласа, Багдановіча і Мележа, Караткевіча і Быкава з'яўляюцца крыніцай нацыянальнай гордасці многіх пакаленняў беларусаў".

"Чаму найвышэйшая планка, узнятая нашымі вялікімі пісьменнікамі, не адпавядае сучаснаму стану літаратурнага працэсу? - звярнуўся Прэзідэнт да прысутных на сустрэчы. - Магчыма, масцітым пісьменнікам перашкаджае інерцыя мыслення, а маладому пакаленню не хапае жыццёвай мудрасці, вопыту? Або проста змяніўся час, і наша літаратура развіваецца ў рэчышчы агульнасусветных тэндэнцый, страціўшы традыцыі нацыянальнай пісьменніцкай школы?"

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што літаратура заўсёды давала ідэі і сюжэты іншым відам мастацтва, і пацікавіўся, як развіваецца гэта творчая садружнасць сёння. "Ці справядлівыя прэтэнзіі пісьменнікаў наконт таго, што сучасныя кампазітары і рэжысёры адвярнуліся ад нацыянальнай літаратуры? Або прычынай спаду інтарэсу з'яўляецца няхватка дастойных кніг?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб пісьменніках, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на адсутнасць вялікіх твораў, нягледзячы на тое, што пісьменнікаў нічога не стрымлівае ў свабодзе творчасці.

Прэзідэнт нагадаў, што ў савецкія часы ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі было прынята скардзіцца на ціскі цэнзуры і закасцянеласць, коснасць сацрэалізму. "Аднак менавіта ў тыя гады літаратура набыла найвышэйшы аўтарытэт. Яўген Еўтушэнка назваў пісьменнікаў людзьмі, у якіх "блукае горды дух грамадзянства, каму ўтульнасці няма, спакою няма", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Праўда, я і цяпер, гледзячы нейкія фільмы і чытаючы тыя ці іншыя опусы вялікіх літаратараў, артыстаў і іншага люду з вашага цэха, са здзіўленнем выяўляю тое, што іх, бачыце, там прыціскалі ў савецкія часы, заціскалі, працаваць не давалі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але ўсе яны сталі народнымі, усе жылі добра тады. Таму я раблю скідку, што цяпер стала модна скардзіцца: "Ах, вось тады нас заціскалі, прыціскалі і гэтак далей". Ну, няхай будзе так".

"У нашы дні ніхто не дыктуе, аб чым і як пісаць. Калі дыктуюць, то вы, калі ласка, скажыце, хто і што дыктуе. Адышлі ў мінулае цэнзура і дзяржманаполія на друкаванае слова. Калі не так, вы таксама мне аб гэтым скажыце", - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да пісьменнікаў.

"Аднак свабода не спарадзіла вялікай літаратуры, а прывяла да расколу пісьменніцкай супольнасці. Што гэта, тупік? Ці ў вас ёсць надзея на аднаўленне адзінага творчага поля?" - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што да сённяшняга дыялогу запрошаны не толькі пісьменнікі, але і дзеячы культуры, хто так ці інакш звязаны з літаратурай.

Пісьменнікі, якія выступілі на сустрэчы, расказалі аб хвалюючых іх праблемах. У прыватнасці, ішла размова аб сучасных тэндэнцыях у літаратуры і ў цэлым зніжэннні інтарэсу да кнігі ў свеце, а не толькі ў Беларусі. І, на іх думку, цяпер сфера літаратуры знаходзіцца не ў лепшым стане.

Адказваючы на пытанне, чаму так мала рэкламуюць айчынныя творы і аўтараў, Прэзідэнт звярнуўся да тэмы высакаякасных мастацкіх прадуктаў. "Скажыце: што рэкламаваць? Дайце прадукцыю, якую можна рэкламаваць, і мы сродкі на гэта знойдзем", - адзначыў ён.

Прэзідэнт запатрабаваў эфектыўнай аддачы ад сродкаў, што выдзяляюцца дзяржавай на падтрымку творчых працэсаў. У прыватнасці, Прэзідэнт звярнуў увагу на ўкладанне дзяржавай сродкаў у развіццё кінематаграфічнай галіны. "Аддачы ад гэтага мы пакуль не бачым. А гэта ж грошы народа", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Дзяржава чакае ад пісьменнікаў твораў, якія садзейнічалі б выхаванню грамадзян сваёй краіны і патрыятызму. І грошы тут не заўсёды адыгрываюць галоўную ролю. Самае важнае - гэта талент. На мерапрыемстве былі прыведзены прыклады таго, як часам далёкія ад мастацтва людзі без укладання вялікіх сродкаў ствараюць вельмі папулярныя творы.

Размова аб літаратуры паступова перайшла ў рэчышча гутаркі аб сферы адукацыі. Размова зайшла аб тым, якую літаратуру сёння прапануюць чытаць дзецям у школе і ці дастаткова ў гэтым пераліку беларускіх аўтараў. Удзельнікі сустрэчы лічаць, што трэба больш увагі звярнуць на папулярызацыю беларускай мовы як унутры краіны, так і за яе межамі. Прагучала таксама прапанова падумаць аб стварэнні нацыянальнай ВНУ, дзе выкладанне вялося б толькі на беларускай мове.

Было ўзнята пытанне і работы выдавецтваў, у сувязі з чым было выказана меркаванне аб неабходнасці больш уважліва вывучаць чытацкі попыт, адпрацаваць прапановы па конкурсным падыходзе для выдання кніг з дзяржаўнай падтрымкай.

Развіваючы гэту тэму,  Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў краіне не будуць працаваць выдавецтвы, дзейнасць якіх будзе супярэчыць нормам закона. "Дзяржава будзе дзейнічаць у рамках закона і маральных прынцыпаў грамадства, - сказаў Прэзідэнт. - Я заўсёды прашу дзяржаўных служачых быць сумленнымі і справядлівымі. І, калі нейкія пісьменнікі, выдавецтвы будуць супярэчыць гэтым прынцыпам, яны неадкладна будуць закрыты. Гэта мая пазіцыя. І, калі міністр гэтага не зробіць, і я зразумею, што ён не зрабіў дзеля нейкіх кан'юнктурных меркаванняў, назаўтра ён міністрам не будзе".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што цяпер у кіно, літаратуры вельмі шмат тэм жорсткасці і насілля, ад якіх большасць чытачоў і гледачоў стаміліся. На яго думку, не хапае папулярных твораў, асабліва ў кіно і на тэлебачанні, у якіх расказваецца аб звычайных чалавечых лёсах.

Удзельнікі сустрэчы выказалі таксама пажаданне, каб у краіне з'явіўся значны літаратурны конкурс. Прэзідэнт падтрымаў гэту ідэю, адзначыўшы, што крытэрыі адбору і вызначэння пераможцаў павінны выпрацаваць самі пісьменнікі. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці конкурс да заканчэння 2014 года і абяцаў наведаць яго фінальную частку, калі будуць падводзіцца вынікі.

На завяршэнне сустрэчы Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што засталіся незакранутымі яшчэ многія тэмы, і прапанаваў прадоўжыць размову пазней. Аляксандр Лукашэнка папрасіў вылучыць для наступнай сустрэчы тыя праблемы, якія магчыма вырашыць толькі на ўзроўні Прэзідэнта.