Сустрэча з прадстаўнікамі дзелавых колаў

  • 16

Малы і сярэдні бізнес - важнейшы складнік устойлівага развіцця эканомікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 снежня на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў.

"Да тэмы развіцця прадпрымальніцтва мы звярталіся не раз. Аднак у такім шырокім фармаце мы сустракаемся ўпершыню. Сярод прысутных - прадстаўнікі ўлады, усіх сфер бізнесу - ад рамеснікаў да ўладальнікаў буйных прыватных кампаній. Аб'ядноўвае нас усіх адно - дакладнае разуменне таго, што малы і сярэдні бізнес - гэта важнейшы складнік устойлівага развіцця эканомікі, а значыць, і існавання дзяржавы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што, праглядаючы раніцай СМІ і чытаючы агляды, убачыў нейкую крыўду з боку прадстаўнікоў пэўных палітызаваных структур: нібыта іх не запрасілі на сустрэчу. "Што датычыцца скаргаў гэтых спадароў, павінен сказаць, што ў нас сёння не палітычная нарада і палітычных кампаній пакуль няма. Праўда, праходзяць выбары ў мясцовыя Саветы - дык гэта трэба ісці туды і там, не крыўдзячыся, весці дыялог. А сёння я запрасіў сюды людзей, якія займаюцца справай і ўдзельнічаюць у палітыцы тады, калі ідуць палітычныя кампаніі. Таму крыўдзіцца не трэба, што тут не ўсіх паклікалі. Усіх паклікаць не маглі, а з тымі, хто крыўдзіцца, сустрэнемся на парламенцкіх, прэзідэнцкіх выбарах, таму што ў іх больш палітыкі, чым бізнесу", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

У гэтым годзе прадстаўнікі дзяржаўных органаў і прадпрымальнікі па даручэнні Прэзідэнта правялі маштабную работу па паляпшэнні бізнес-клімату і стымуляванні дзелавой актыўнасці. Як вынік, восенню Аляксандр Лукашэнка падпісаў цэлы пакет дакументаў - дэкрэт і сем указаў, прызначаных даць моцны імпульс развіццю прыватнага сектара эканомікі. Акрамя таго, паводле слоў Прэзідэнта, прыняты дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Галоўная мэта дакумента - стварыць такія ўмовы, каб сусветныя ІТ-кампаніі прыходзілі ў Беларусь, адкрывалі свае прадстаўніцтвы, цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў свеце прадукт.

"Другая мэта дэкрэта - інвестыцыі ў будучае. Гэта IT-кадры і адукацыя. Трэцяя - укараненне найноўшых фінансавых інструментаў і тэхналогій. Вядучыя эканомікі свету яшчэ толькі прыглядаюцца да гэтай новай з'явы. Беларусь становіцца фактычна першай у свеце дзяржавай, якая адкрывае шырокія магчымасці для выкарыстання тэхналогіі блокчэйн. У нас ёсць усе шанцы стаць рэгіянальным цэнтрам кампетэнцый у гэтай галіне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Больш таго, з прыняццем дэкрэта ў Беларусі не толькі будуць створаны ўмовы для развіцця IT-сферы, але і набыты ўнікальныя канкурэнтныя перавагі для прыцягнення тэхналогій, капіталаў і, галоўнае, разумных і таленавітых людзей з усяго свету. "Гэты дэкрэт разам з пакетам прынятых рашэнняў для бізнесу павінен даць Беларусі магчымасць стаць на шлях апераджальнага развіцця", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, некаторыя "дзеячы" папракалі ўлады ў тым, што ў Беларусі дзелавому чалавеку немагчыма разгарнуцца. Маўляў, яго звязалі па руках і нагах. "Прысутныя тут - паспяховыя бізнесмены і ваша работа - доказ таго, што бізнес у Беларусі адбыўся, і той, хто хоча працаваць, можа працаваць", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Новы этап адносін бізнесу і дзяржорганаў пачаўся яшчэ ў 2009 годзе, калі Аляксандрам Лукашэнкам было даручана падрыхтаваць прапановы аб паступовай лібералізацыі эканамічнай дзейнасці. Яны знайшлі адлюстраванне ў выдадзенай у 2010 годзе Дырэктыве аб развіцці прадпрымальніцтва і стымуляванні дзелавой актыўнасці. Гэты канцэптуальны дакумент дзейнічае да гэтага часу. На яго аснове ўрад прыняў, змяніў або адмяніў амаль 200 прававых актаў.

"Гэта вялікая работа. Атрымалі нядрэнны вынік. У рэйтынгу дзелавой актыўнасці Беларусь з другой сотні дзяржаў перамясцілася на 38-е месца, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Прагрэс быў відавочны. Але з таго часу мінула 8 гадоў. Цяпер узнікла аб'ектыўная неабходнасць рабіць далейшыя ўжо не паслядоўныя, а рашучыя крокі, каб не адстаць ад тых трэндаў, якія сёння прапануюць сусветная эканоміка і развіццё глабальнага грамадства".

У той жа час і з боку бізнесу павінна быць сумленная гульня, падкрэсліў Прэзідэнт. "Ініцыятыўнасць, прыстойнасць, празрыстасць і максімальная адказнасць перад сваімі работнікамі і грамадствам павінны стаць асновай вашай дзейнасці. Усё гэта прадугледжвае рашучую адмову ад якіх-небудзь шэрых схем. Лічу, што крымінальныя справы, калі на адной лаве падсудных аказваюцца чыноўнікі і бізнесмены, кідаюць цень як на ўладу, так і на дзелавую супольнасць. Злачынная дзейнасць - гэта ганьба, яе трэба строга спыняць! Спадзяюся, у гэтым мы аднадумцы. Інакш нам з вамі проста не па дарозе", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Задача дзяржавы - не ствараць перашкод для добрасумленных прадпрымальнікаў, не стрымліваць дзелавую ініцыятыву, не абмяжоўваць права бізнесменаў на разумную рызыку, заявіў Прэзідэнт. Наадварот, адзначыў ён, вельмі важна стымуляваць грамадзян да працы, дапамагаць ім знайсці работу, прычым як у дзяржаўным, так і ў прыватным сектары.

"Цяпер малы і сярэдні бізнес - гэта кожны чацвёрты рубель у валавым унутраным прадукце, трэць інвестыцый у эканоміку, кожнае трэцяе рабочае месца. Гэта ўжо нямала, але трэба больш. У нас сёння амаль паўмільёна працаздольных грамадзян наогул не занята ў эканоміцы краіны", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым занятасць насельніцтва з'яўляецца важнай задачай, і ў краіне ўжо зроблена шмат крокаў па вырашэнні гэтай праблемы, звяруў увагу Прэзідэнт. "Стварэнне рабочых месц павінна стаць галоўным паказчыкам эфектыўнасці работы кіраўнікоў дзяржаўных органаў", - лічыць беларускі лідар.

Аб развіцці прадпрымальніцтва і дзелавой ініцыятывы

"Ключавым з прынятых дакументаў з'яўляецца дэкрэт, у якім размова ідзе аб тым, каб даць людзям магчымасць развіваць сваю справу, а не думаць пра шматлікія бюракратычныя фармальнасці. Хочаш займацца бізнесам - ідзі і працуй! Больш ніякіх перашкод гэтаму няма. Дастаткова падаць адно паведамленне ў выканкам - усё! На наступны дзень можна пачынаць работу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што зведзены да мінімуму і сабраны ў адным дакуменце ўсе тэхнічныя патрабаванні. Так, колькасць правіл пажарнай бяспекі скарочана ў 11 разоў, санітарных патрабаванняў - у 13 разоў, ветэрынарных - у 10. Скасаваны многія ўстарэлыя адміністрацыйныя працэдуры. Вырашаецца набалелае пытанне з перапрафіляваннем памяшканняў.

"Новы, скарочаны ў некалькі разоў пералік працэдур для бізнесу, калі гэта трэба, будзе мной зацвярджацца асабіста", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, даўно наспела неабходнасць пераходу на электронны фармат ажыццяўлення працэдур. Асабліва гэта датычыцца зямельных і маёмасных адносін, пытанняў распрацоўкі праектнай і будаўнічай дакументацыі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўраду неабходна вывучыць, як гэта працуе ў адпаведнасці з прынятым дэкрэтам аб лічбавай эканоміцы, і, калі прадпрыемствам ад гэтага прасцей, варта распаўсюдзіць вопыт на ўсю краіну.

Аб фіскальнай сістэме

Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на фіскальнай сістэме. "Урад па маім даручэнні ўжо ў студзені сфарміруе спецыяльную групу і пачне маштабную перапрацоўку Падатковага кодэкса. Ён павінен быць простым і зразумелым. Але галоўнае - здольным падтрымліваць эканамічную дзейнасць, а не прымушаць суб'екты гаспадарання шукаць пралаз для адыходу ад фінансавых і падатковых абавязацельстваў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў падрыхтаваць праект дакумента да верасня 2018 года. "Патрабаванне адно: скарачэння даходаў бюджэту быць не павінна. Скарачайце кодэкс, як хочаце, але каб быў прырост падаткаў у бюджэт", - падкрэсліў ён.

Таксама Кіраўнік дзяржавы выступіў за сур'ёзную перапрацоўку нарматыўна-прававых актаў, якія датычацца бухгалтарскага ўліку. "Іх трэба спрасціць. Бухгалтарскі ўлік застаўся савецкім, а там чорт нагу зломіць. Вышэйшай адукацыі, каб весці бухгалтарскі ўлік, недастаткова", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб кантрольна-нагляднай дзейнасці і адказнасці бізнесу

Прэзідэнт адзначыў, што работай па навядзенні парадку ў сферы кантрольна-нагляднай дзейнасці ў Беларусі грунтоўна заняліся ў 2009 годзе. "Тады дырэктары нашых вялікіх прадпрыемстваў скардзіліся: не паспее адна праверка адысці, як з'яўляецца наступная, з іншай інстанцыі. Гэту практыку спынілі, прынамсі, рашэнні былі ўсе прыняты, прыйшлі да прынцыпу комплекснасці праверак. Каардынаваць іх стаў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Але, на жаль, значна лепш ад гэтага не стала, хоць у гэтым плане рушылі наперад", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Цяпер ужо ў рамках планавых праверак кантралёры ідуць на прадпрыемства цэлым натоўпам, і кожны патрабуе да сябе ўвагі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. З-за гэтага работа арганізацыі паралізуецца на два-тры месяцы. Пры гэтым правяраюць, па сутнасці, адно і тое ж, дадаў ён. "Нярэдкія выпадкі, калі прадстаўнікі кампетэнтных органаў прыходзяць без усялякіх падстаў. Катэгарычна патрабую гэта выключыць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніду Анфімаву арганізаваць няўхільнае выкананне прынятых рашэнняў па арганізацыі кантрольна-нагляднай дзейнасці. "Помніце, што правільная арганізацыя сістэмы кантролю - важнейшы фактар у прыцягненні інвестара. Неабходна зрушыць акцэнты ў рабоце кантралюючых органаў, нацэліўшы іх на прафілактыку парушэнняў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пазапланавыя праверкі павінны праводзіцца толькі ў выпадку, калі ёсць дакументальна пацверджаная інфармацыя аб парушэннях. "Не будзе рэзультату па так званай вашай аператыўнай і іншай інфармацыі - крыўдуйце самі на сябе. Выявілі парушэнні - дайце прадпісанне ўстараніць, калі гэта не крымінальныя. Але работу прадпрыемства - не спыняць. Няхай сам кіраўнік бярэ на сябе адказнасць і думае, як яму выпраўляць вашы заўвагі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Даўно пара выкараніць так званую птушачна-палачную сістэму справаздачнасці, калі ў аснову асноў ставяцца сумы штрафаў, колькасць выяўленых правапарушэнняў і крымінальных спраў".

Паводле яго слоў, гэта нядрэнна, калі ў бюджэт ад дзеянняў праваахоўных органаў, кантралёраў паступаюць грошы. "Але амаль заўсёды наступствы больш адчувальныя - мы потым недаатрымліваем у бюджэт у два разы больш, чым у выніку гэтых штрафных санкцый. Але справа не ў тым. Кантралёры і праваахоўныя органы маюць на стале адзін дакумент - заканадаўчы акт. Артыкул такі, парушыў - адказвай. Жыць трэба не па паняццях, а па законе", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што штрафы і іншыя спагнанні павінны адпавядаць характару ўчыненай правіннасці і ўлічваць эканамічнае становішча прадпрыемства. Прыцягненне да адказнасці павінна быць адэкватным учынку і перасцерагаць ад неабдуманых дзеянняў у далейшым.

Аб падатковым кансультаванні

У дапамогу бізнесу выдадзены ўказ аб падатковым кансультаванні. "Хачу перасцерагчы падатковыя органы: не ўздумайце перакладваць сваю работу на падатковых кансультантаў або навязваць бізнесу іх паслугі. Кіраўнік прадпрыемства павінен сам вырашаць, ці трэба яму звяртацца да падатковага пасрэдніка", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што дакумент прадугледжвае ўвядзенне прафесійнага інстытута пасрэднікаў паміж прадпрымальнікамі і падатковымі органамі. Гэтыя асобы, акрамя кансультавання, змогуць аказваць паслугі па вядзенні бухгалтарскага і падатковага ўліку.

"За якасць сваіх паслуг кансультанты адказваюць сваёй маёмасцю. Пракансультаваў не так - раскашэльвайся або аддай кватэру. Гэта было маё патрабаванне. Нам не патрэбны пасрэднікі, якія ні за што не адказваюць. Не дай бог, заўтра пойдзе хваля з падатковых органаў у пасрэднікі. Прадугледжана, каб гэтага не адбылося", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аб развіцці гандлю і паслуг у вёсцы і павышэнні самазанятасці грамадзян

Кіраўнік дзяржавы выказаў заклапочанасць тым, што малы і сярэдні бізнес сёння сканцэнтраваўся ў асноўным у сталіцы і іншых больш-менш вялікіх гарадах. "Калі гэта сфера паслуг, то яшчэ зразумела. Дзе больш людзей - там і гандаль, і іншы сэрвіс, - сказаў Прэзідэнт. - Але калі гаварыць пра вытворчасць, то яе лепш ствараць на перыферыі, дзе недарагая рабочая сіла, свабодная зямля, блізка рэсурсы. Акрамя таго, там дзейнічае рэжым прэферэнцый, уключаючы льготы па падатках, мытных пошлінах, паслабленні пры экспартным гандлі".

На яго думку, не ўсё адназначна і ў невытворчай сферы. Апошнія гады назіраецца скарачэнне магазінаў у сельскіх населеных пунктах. Толькі з 2012 па 2015 год колькасць гандлёвых аб'ектаў зменшылася на 10%. Нізкая наведвальнасць аб'ектаў бытавога абслугоўвання і грамадскага харчавання робіць іх работу не толькі нерэнтабельнай, але і неапраўданай з эканамічнага пункту гледжання.

"Мы абавязаны сур'ёзней падумаць аб вяскоўцах і аб якасці іх жыцця", - падкрэсліў Прэзідэнт. Тым, хто жыве ў аграгарадках, гарантаваны цвёрдыя сацыяльныя стандарты, але гэта толькі мінімум. Сучасныя людзі маюць патрэбу ў якасным рамонце дамоў, бытавой тэхнікі, у стрыжцы, у шыцці адзення, у многім іншым. "Малы бізнес здольны гэта зрабіць. Але павінны быць адпаведныя ўмовы і даступныя цэны на паслугі ў сельскай мясцовасці", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ва ўказе аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання прадугледжана ўсё магчымае для змяншэння затрат сельскіх прадпрымальнікаў. Няма падатку на дабаўленую вартасць, а гэта прыкладна пятая частка цаны. Падатак на прыбытак - усяго 6% - у тры разы ніжэй за агульную стаўку. Падаткі на зямлю і нерухомую маёмасць наогул не спаганяюцца.

"Вызначаць канкрэтныя тэрыторыі з такім ільготным рэжымам будуць абласныя Саветы дэпутатаў, гэта значыць, на месцах. Тут патрэбны разумны падыход. Каб не атрымалася так: межы Мінска або абласнога цэнтра перасек, а там - падатковы рай. Не для таго прыняты такія значныя паслабленні, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дарэчы, калі ў аддаленых раёнах імі скарыстаецца замежны бізнес, напрыклад, з прыгранічных Браншчыны, Смаленшчыны, літоўскіх або ўкраінскіх рэгіёнаў, то гэта толькі плюс. Важна захаваць вёску і даць ёй новае жыццё".

Прэзідэнт хацеў бы пачуць ад удзельнікаў сустрэчы, што яшчэ акрамя выдадзенага ўказа, трэба, каб прадпрымальнік актыўней ішоў у малыя гарады і сельскую мясцовасць. "Пры гэтым, можа, і не трэба чалавеку адразу рэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, браць на сябе сур'ёзныя абавязацельствы. Цалкам верагодна, што спачатку дастаткова будзе папрацаваць проста так, на сябе, паглядзець, ці будуць карыстацца попытам яго паслугі. Для гэтага выдадзены ўказ аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што з улікам запытаў насельніцтва павялічаны пералік відаў дзейнасці, якая не адносіцца да прадпрымальніцкай. Для тых, хто гэтым займаецца, дастаткова раз у квартал унесці невялікую суму і накіраваць пісьмо ў падатковую інспекцыю.

"Калі чалавек хоча штосьці рабіць, не перашкаджайце яму, а дапамажыце. Калі ён чагосьці не ведае, растлумачце. Толькі такім стаўленнем мы зможам забяспечыць максімальную самазанятасць людзей", - падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да кантралюючых органаў і прадстаўнікоў мясцовай улады.

"Галоўнае, не абмяжоўваць ініцыятыву людзей. Хоча чалавек булачкі пячы і прадаваць - няхай займаецца, калі попыт на выпечку ёсць", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, спажывец сам павінен вырашаць, падстрыгчыся яму ў дарагім салоне або ў два-тры разы танней у цырульні дома. Кожны ў залежнасці ад сваіх даходаў вызначыць, якімі паслугамі яму карыстацца.

Аб развіцці аграэкатурызму і рамеснай дзейнасці

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што далейшаму развіццю эканамічнай дзейнасці ў вёсцы прызначаны садзейнічаць указ аб развіцці аграэкатурызму. "У 2007 годзе мы прынялі правільнае рашэнне, прадаставіўшы аграсядзібам асаблівыя ўмовы работы і фінансавання. Тады ў нас было ўсяго 34 такія аб'екты. За дзесяць гадоў іх колькасць вырасла ў 60 разоў. Толькі ў Мінскай вобласці створана амаль 650 аграсядзіб", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, такое дынамічнае развіццё тлумачыцца попытам на гэтыя віды паслуг як у беларускіх грамадзян, так і ў іншаземцаў. Для іх створаны максімальна камфортныя ўмовы кароткатэрміновага знаходжання ў Беларусі. У выніку краіна стала прыкметным іграком на еўрапейскай карце аграэкатурызму, атрымліваем за гэта высокія ацэнкі міжнародных экспертаў.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў моладзі з'явіўся стымул не выязджаць у горад, заставацца ў вёсцы, невялікім гарадку і прадаўжаць сямейную справу, якая прыносіць няхай невялікі, але стабільны даход, дзякуючы якому можна нядрэнна жыць. Як лічыць Прэзідэнт, вельмі важна не спыняцца на дасягнутым, а развіваць гэту сферу і далей.

Папулярная ў краіне і рамесная дзейнасць. У мінулым годзе 23 тыс. чалавек былі заняты ў гэтым сектары. "А яшчэ некалькі гадоў таму такіх майстроў было ў пяць разоў менш, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Для падтрымкі гэтага напрамку зроблены ўжо чарговыя захады. Перш за ўсё, пашыраны пералік дазволеных відаў рамеснай дзейнасці. Акрамя таго, майстру дадзена права адначасова працаваць з двума або трыма вучнямі, развіваць і перадаваць сваё рамяство".

Самае галоўнае, што ў рамеснікаў з'явілася больш манеўранасці для рэалізацыі сваіх вырабаў. Раней імі можна было гандляваць толькі з прылаўкаў на спецыяльных кірмашах. Цяпер дазволена займацца продажам і ў майстэрні, і праз інтэрнэт, і перасылаць заказчыку па пошце.

"Мы спыталі ў іх, што трэба зрабіць для таго, каб палегчыць дзейнасць рамеснікаў, і на аснове прапаноў прынялі неабходныя рашэнні", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Аб Савеце па развіцці прадпрымальніцтва

"Гэта адзіны савет, які створаны пры Прэзідэнце, іншых такіх саветаў няма. І гэта сведчыць аб сур'ёзнасці стаўлення да гэтага пытання. І ён не ўчора быў створаны, а шмат гадоў таму, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Самарэгуляванне бізнесу і мінімізацыя ўмяшання службовых асоб дзяржаўных органаў у яго дзейнасць - вось аснова праводзімай у краіне работы па развіцці эканомікі".

Менавіта на гэта накіраваны Указ аб Савеце па развіцці прадпрымальніцтва. "Ён нацэлены на тое, каб ператварыць савет у сапраўды магутную структуру, якая стаіць на варце інтарэсаў бізнесу, - прадоўжыў беларускі лідар. - Для гэтага ён надзелены адпаведнымі інструментамі".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што раней бізнес-структуры скардзіліся, што чыноўнікі не ўспрымаюць сур'ёзна іх прапановы. "Цяпер гэтага не будзе, - запэўніў Прэзідэнт. - Усе тэхнічныя перашкоды для актыўнай дзейнасці савета ўстаранілі, пашырылі яго паўнамоцтвы. Адмахнуцца ад вашых рэкамендацый дзяржорганы проста так больш не змогуць. Усе прапановы бізнес-асяроддзя з гэтага часу становяцца абавязковымі для разгляду".

"Дзейнічайце. Калі хочаце, каб вас пачулі, займіце канструктыўную пазіцыю, - даў наказ бізнесменам Аляксандр Лукашэнка. - Весці дыялог бізнесу і ўлады неабходна пастаянна. Савет па развіцці прадпрымальніцтва - галоўная пляцоўка, але не адзіная. Актыў, якія прадстаўляе інтарэсы дзелавых колаў, павінен узаемайдзейнічаць з мясцовай уладай у кожным горадзе і раёне".

Аб адзінай формуле пры кантактах улады з бізнесам

Патрабаванне Кіраўніка дзяржавы да службовых асоб усіх узроўняў - ад старшыні сельскага Савета да міністра - выконваць не толькі літару, але і дух прынятых рашэнняў. "Усё ў законах не прапішаш, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Кожны кіраўнік, які прадстаўляе дзяржаўную ўладу, пры ажыццяўленні кантактаў з бізнесам павінен кіравацца адзінай формулай. Калі закон дае магчымасць дапамагчы - дапамажы! Калі закон не дае магчымасці дапамагчы - не перашкаджай! Калі закон патрабуе ўмяшацца - тады дзейнічай".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсе прынятыя рашэнні ў частцы лібералізацыі ўмоў для вядзення бізнесу неабходна рэалізаваць у максімальна кароткія тэрміны. "А нам вельмі важна выпрацаваць сістэму кантролю выканання нарматыўна-прававых актаў", - сказаў ён. Адпаведныя даручэнні дадзены кіраўніцтву Адміністрацыі Прэзідэнта і Камітэта дзяржкантролю. "Калі патрэбны нейкія падзаконныя акты, іх трэба прыняць. І не трэба расцягваць на першую палову наступнага года. Трэба зрабіць гэта хутчэй", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад, што цяпер урадам вядзецца вялікая работа над праектам указа аб ліцэнзаванні. "Лічу, што гэта павінен быць новы сістэмны дакумент, які комплексна і паслядоўна вырашае ўсе існуючыя на практыцы праблемы ў сферы ліцэнзавання. Аддайце яго для экспертызы ў Савет па прадпрымальніцтве", - сказаў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, выдадзеныя новыя дакументы заклалі аснову для перагляду заканадаўства ва ўсіх сферах, звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцтва. "Усю работу неабходна поўнасцю завяршыць на працягу 2018 года. Але спачатку органы ўлады павінны забяспечыць належнае інфармаванне людзей аб новых умовах работы, - даручыў беларускі лідар. - І вас прашу падключыцца да гэтай работы. Выкарыстоўвайце ўсе даступныя спосабы камунікацыі, праводзьце сустрэчы з людзьмі, нагружайце СМІ і не забывайце пра патэнцыял інтэрнэту. Растлумачце кожную літару новых рашэнняў".

"Прадстаўнікі бізнесу павінны разумець: у нас адна эканоміка, задачы, якія ставяцца ўраду, адносяцца і да вас", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што дзяржава кардынальна знізіла патрабаванні да ўмоў вядзення бізнесу. Аднак цяпер уся паўната адказнасці за стан спраў на прадпрыемствах ускладаецца на кіраўнікоў і ўласнікаў.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на тое, што органы ўлады практычна не ўмешваюцца ў цэнаўтварэнне. "Таму, калі прыбытку для развіцця хапае, не завышайце, трымайце нармальныя цэны, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Майце на ўвазе, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю я не адмяняў, я ўзмацніў гэта міністэрства. І кантраляваць, назіраць за цэнаўтварэннем (і Камітэт дзяржкантролю), не ўмешваючыся ў вашу дзейнасць, яно будзе заўсёды".

Прэзідэнт таксама папрасіў памятаць аб людзях і плаціць ім дастойную зарплату, забяспечваць занятасць.

"Апірайцеся на гэтыя тры простыя правілы, і вы заўсёды будзеце мець у асобе дзяржавы надзейнага партнёра і памочніка. Гэта я вам гарантую", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама разлічвае, што прынятыя рашэнні прывядуць да павышэння актыўнасці ў ІТ-сферы. "Прычым важна, каб і капіталы, і людзі, і тэхналогіі працавалі для ўсёй краіны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Некаторыя міжнародныя арганізацыі выстаўляюць умовай для далейшага фінансавага супрацоўніцтва ўвядзенне інстытута ўпаўнаважанага па праблемах прадпрымальніцтва. "Перадайце ім, што такі ўпаўнаважаны ў Беларусі ёсць - Прэзідэнт. Гэта мой абавязак - прыняць рашэнне і пракантраляваць выкананне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што гэта не апошняя сустрэча ў такім фармаце. "Маштабы задач, якія стаяць перад бізнес-супольнасцю, пастаянна будуць патрабаваць шырокага абмеркавання і аператыўнага рэагавання", - адзначыў беларускі лідар.

Аб бюджэтных сродках

Аляксандр Лукашэнка настойвае на ашчадлівым стаўленні да бюджэтных сродкаў. "Калі вы пачынаеце, прытым, ведаеце, несумленна, не на падставе фактаў папракаць уладу - не толькі мяне - у цэлым уладу, я на гэта вельмі востра рэагую. Трэба, каб было ўсё сумленна, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Усё павінна быць сумленна і прыстойна. Можа, недзе мы можам дапусціць памылку. Але я вам гарантую, што ні капейкі я сабе ў кішэнь не паклаў. Я не дазволю раскрадаць бюджэт".

Прэзідэнт у сувязі з гэтым адзначыў, што, як правіла, менавіта прадстаўнікі сферы бізнесу імкнуцца нешта зрабіць танней або атрымаць большы доступ да бюджэтных сродкаў. "Праўда, апошнім часам, вось і ўчора разборы былі, больш сутыкаюся з тым, што не бізнесмены-прыватнікі просяць падтрымкі з бюджэту - фінансавай і гэтак далей, а нашы, як іх называюць, чырвоныя дырэктары", - заўважыў ён.

"Але гэта мы з імі хутка разбяромся, прытым да канца года з некаторымі. А то яны замест таго, каб на рынку шукаць нішы і рэалізоўваць прадукцыю, нагой дзверы ў кабінет адкрываюць да любога віцэ-прэм'ера, прэм'ера, а тыя мне прапановы шлюць: давайце $100 млн  дадзім, гэтаму 50 млн у абаротку, гэтаму - каб пагасіць крэдыты, якія ён браў на мадэрнізацыю вытворчасці. І пайшло-паехала, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Гэтага быць не павінна. Бюджэтныя сродкі, вы ведаеце, куды выкарыстоўваюцца. У нас не такія багатыя настаўнікі і ўрачы, калі на тое пайшло. Ды і чыноўнікі, якіх вы папракаеце, далёка ад вас стаяць па заработнай плаце".

Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы таксама закрануў размовы вакол таго, што ў час падрыхтоўкі праекта бюджэту на 2018 год было прынята рашэнне дадаткова частку сродкаў накіраваць у рэзервовы фонд Прэзідэнта. "Прымаючы новы бюджэт, "лямант" паднялі бізнесмены ад палітыкі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Тыя расходы, што былі запланаваны ў бюджэце, я яшчэ на 10% скараціў, пералічыўшы гэтыя сродкі ў рэзервовы фонд Прэзідэнта, які ў бюджэце будзе - не ў мяне ў кішэні - і будзе выкарыстоўвацца па прапановах урада і парламента".

"Там некаторыя гавораць: Прэзідэнт стварыў вялікі рэзервовы фонд, напэўна, выбары датэрміновыя будуць. Ніякіх датэрміновых выбараў у нас не будзе. Няма для гэтага ніякіх падстаў, тэндэнцый і іншых прычын", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аб чутках

"Мяне часта папракаюць, што Лукашэнка баіцца прыватніка, новых рыначных адносін, "гэта пагражае яго ўладзе". Маё перакананне: калі б ў Беларусі ўсё было прыватным, я быў бы вечным Прэзідэнтам. Таму што я магу прыватніку забяспечыць тое, што яму патрэбна: бяспеку, спакой, адсутнасць усялякіх пабораў і хабараў. Калі было б прыватнае, мне менш работы было б", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму той, хто гаворыць, што я там "спужаўся" новых уласнікаў - глупства поўнае", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што актыўна ўцягнуты ва ўсе працэсы, якія адбываюцца ў дзяржаве. "Цяпер я больш за ўсё займаюся або мадэрнізацыяй дзяржуласнасці прадпрыемстваў, або ўчора паўдня ўрад мяне пераконваў, што трэба даць мільёны на падтрымку дзяржаўным прадпрыемствам. Я не гавару, што іх не трэба падтрымліваць, - мы ж уласнікі. Але прыватнікі ў мяне гэтага не просяць", - заявіў ён.

Аб выніках сустрэчы

У час сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы былі падрабязна абмеркаваны навацыі, якія прынеслі для сферы прадпрымальніцтва нядаўна прынятыя дакументы па лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу. У прыватнасці, удзельнікі мерапрыемства ў сваіх выступленнях узнімалі пытанні значэння гэтых дакументаў , уплыву адміністрацыйных працэдур на канкурэнтаздольнасць кампаній і краіны ў цэлым, прававых мер па развіцці лічбавай эканомікі. Акрамя таго, у цэнтры ўвагі была тэматыка развіцця экспарту паслуг, вытворчасці ў малых гарадах і сельскай мясцовасці, аграэкатурызму і сферы грамадскага харчавання.

Аляксандр Лукашэнка па выніках абмеркавання дадаткова даў шэраг канкрэтных даручэнняў па аблягчэнні ўмоў дзейнасці прыватных кампаній у розных галінах эканомікі. Адпаведныя даручэнні, у прыватнасці, датычацца сфер ліцэнзавання, стандартызацыі, развіцця сферы міжнародных аўтаперавозак.

"Мы правялі добрую размову. Галоўнае, я заўважыў, што пакуль у дапаўненне да рэчаў канцэптуальнага характару, якія датычацца ўсіх, асаблівых заўваг і дапаўненняў не паступала, - адзначыў Прэзідэнт. - Самае галоўнае, я думаю, і ўрад, і палітычны штаб Прэзідэнта пачулі, што трэба прайсціся яшчэ і па дзяржаўных стандартах, яшчэ недзе, па галінах. Таму падумайце ў Адміністрацыі і ва ўрадзе, як арганізаваць гэту работу".