Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Сустрэча з першым віцэ-прэзідэнтам банка Філіпам Бенетам

15 сакавіка 2017 года

Узаемадзеянне Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця з дзяржаўным сектарам эканомікі Беларусі дасць добрыя вынікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 сакавіка на сустрэчы з першым віцэ-прэзідэнтам банка Філіпам Бенетам.

У час перагавораў было адзначана, што ў мінулым годзе была прынята новая чатырохгадовая Стратэгія ЕБРР на 2016-2019 гады, у якой адменены так званы калібраваны падыход, што абмяжоўваў супрацоўніцтва з дзяржаўным сектарам.

"Беларусь як паўнапраўны член Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця заўсёды выступала супраць непатрэбных бар'ераў, асаблівых падыходаў і іншых фактараў, якія стрымліваюць наша супрацоўніцтва і ўзаемаразуменне. Такую платформу цяпер мы маем, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У рамках цяперашняй стратэгіі мы зможам больш шырока ўзаемадзейнічаць у сферы дзяржаўнага сектара, што, упэўнены, дасць добрыя вынікі і адкрые новыя перспектывы. Развіццё ўсіх форм уласнасці, у тым ліку і дзяржаўнага, і прыватнага сектара, - гэта наш прыярытэт у Беларусі. І я вам удзячны, што вы гэта разумееце, і ў вас няма ніякіх прадузятых думак супраць гэтага".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь узаемадзейнічае з ЕБРР ужо больш за 20 гадоў і вынікі гэтага супрацоўніцтва істотныя. "За гэты час у беларускую эканоміку прыцягнуты немалыя грашовыя сродкі. Гэтыя інвестыцыі ажыццёўлены ў самыя перспектыўныя і цяпер паспяховыя праекты", - падкрэсліў Прэзідэнт.

На сустрэчы адзначалася, што за апошнія гады ўзровень узаемадзеяння Беларусі і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця выйшаў на якасна новы ўзровень. Агульны аб'ём фінансавых рэсурсаў, прадастаўленых банкам, склаў больш як 1,8 млрд еўра.

ЕБРР мае намер пашыраць інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы фінансаў, транспарту, энергетыкі і ЖКГ. У прыватнасці, размова ішла аб праектах па рэканструкцыі ўчастка трасы М10, будаўніцтве ў краіне збудаванняў па ачыстцы вады і перапрацоўцы адходаў, цеплавой мадэрнізацыі жылых дамоў і пераводзе арганізацый ЖКГ на выкарыстанне мясцовых відаў паліва.

Філіп Бенет падкрэсліў, што ў ЕБРР поўнасцю задаволены ўзроўнем супрацоўніцтва з Урадам Беларусі і прыватным сектарам краіны.

Тэгі: Сустрэчы
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь