Сустрэча з першым намеснікам Старшыні Дзяржсавета і Савета Міністраў Кубы Мігелем Марыа Дыяс-Канелем Бермудэсам

  • 1

Рэспубліка Беларусь і Рэспубліка Куба гатовы зрабіць якасна новы крок у развіцці двухбаковых адносін. Узаемную зацікаўленасць у гэтым выказалі 23 мая на сустрэчы ў Мінску Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і першы намеснік Старшыні Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс.

Кубінскі бок разлічвае, што Беларусь стане важным іграком у сацыяльным і інфраструктурным развіцці Кубы, яе мадэрнізацыі. У сваю чаргу Беларусь, як было заяўлена ў час сустрэчы, гатова ўнесці свой улад у гэты працэс па ўсіх напрамках. "Мы бачым сваё месца, месца Беларусі, у кубінскай эканоміцы. Мы гатовы да такога супрацоўніцтва. Тым больш, што створана добрая аснова - заключана амаль 30 міжурадавых пагадненняў, якія ствараюць трывалую нарматыўную прававую базу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што апошнім часам намеціліся добрыя тэндэнцыі да павелічэння тавараабароту паміж краінамі і ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў цэлым. "Мы вітаем нармалізацыю адносін паміж Кубай і Злучанымі Штатамі Амерыкі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы і выказаў упэўненасць, што гэта таксама станоўча паўплывае на эканоміку Кубы.

Беларусь і Куба далёка рушылі наперад у рэалізацыі сумесных праектаў. Так, на сустрэчы асобна закраналася ўзаемадзеянне ў навукова-тэхнічным напрамку, у сферы інфармацыйных тэхналогій, фармацэўтыкі. Куба таксама мае намер і далей пераймаць беларускі вопыт развіцця АПК.

Аляксандр Лукашэнка і Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. На сустрэчы падкрэсліваўся самы высокі ўзровень палітычнага дыялогу, супадзенне пазіцый краін па ключавых міжнародных пытаннях. Беларусь і Куба аказваюць адна адной падтрымку на міжнароднай арэне - у ААН, Руху недалучэння і іншых арганізацыях.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў сферы дыпламатыі ў Беларусі і Кубы няма ніякіх праблем. "У нас пазіцыі не проста блізкія па ўсім міжнародным парадку дня - яны практычна супадаюць па ўсіх пытаннях", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Першы намеснік старшыні Дзяржсавета і Савета Міністраў Кубы адзначыў, што кубінскі бок цэніць мірныя ініцыятывы Беларусі, яе вялікую і важную ролю ў аднаўленні міру ў рэгіёне.

Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што візіт высокапастаўленага кубінскага госця надасць яшчэ большую дынаміку двухбаковым адносінам. Прэзідэнт аднавіў сваё запрашэнне старшыні Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Кубы Раулю Кастра наведаць Беларусь. Беларускі лідар таксама папрасіў перадаць найлепшыя пажаданні Фідэлю Кастра. "Думаю, што ў бліжэйшым будучым мне ўдасца з ім сустрэцца, і мы абмяркуем, як гэта было раней, самыя злабадзённыя пытанні міжнародных адносін", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс у сваю чаргу перадаў у адрас Аляксандра Лукашэнкі дружалюбныя прывітанні ад Рауля Кастра і запрашэнне наведаць Кубу ў любы зручны для беларускага лідара час.