Сустрэча з паслом Кубы Херарда Суарэсам Альварэсам

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае ў бліжэйшы час зрабіць візіт на Кубу. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 19 кастрычніка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кубы Херарда Суарэсам Альварэсам, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў Беларусі.

"Прасіў бы Вас вельмі перадаць майму сябру Раулю (Старшыня Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Кубы Рауль Кастра) самыя цёплыя пажаданні. Я думаю, што мне ўдасца ў бліжэйшы час пабываць на Кубе. У мяне ёсць абавязак перад Фідэлем. Я павінен пабываць у яго на магіле".

Паводле слоў Прэзідэнта, візіт павінен садзейнічаць актуалізацыі тэматыкі двухбаковых адносін. "Але вы павінны заўсёды ведаць - калі Беларусь нечым можа дапамагчы і нешта зрабіць для Кубы, мы заўсёды адкрыты і гатовы гэта зрабіць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"У нас устанавіліся нядрэнныя адносіны ў сферы эканомікі. У палітыцы ў нас наогул няма ніякіх праблем. У нас адзіныя погляды на сусветны парадак дня. Практычна няма разыходжанняў па пытаннях, якія ў яго ўваходзяць", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь зацікаўлена пры садзейнічанні Кубы развіваць адносіны з краінамі Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

"Хацеў бы вас прасіць, каб Куба, як яна нас падтрымлівае, так і падтрымлівала б у плане ўстанаўлення больш цесных адносін з дружалюбнымі вам і, зразумела, нам краінамі Карыбскага басейна і Лацінскай Амерыкі. Нам вельмі хацелася б мець з імі добрыя адносіны. Вядома, заснаваныя на гандлёва-эканамічных пытаннях. Думаю, нам ёсць што прапанаваць гэтым краінам. Гэтак жа, як мы гэта зрабілі ў адносінах да дружалюбнай нам Кубы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў абмеркаваць і тэматыку ўзаемадзеяння з Венесуэлай. "Можа, вы больш дакладна валодаеце сітуацыяй у Венесуэле, дружалюбнай нам краіне, і скажаце некалькі слоў пра яе. Я буду вам вельмі ўдзячны", - сказаў ён.


"З вельмі вялікім шкадаваннем даводзіцца канстатаваць факт завяршэння вашай дыпламатычнай місіі ў Беларусі. Я заўсёды паслам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё адносін Беларусі з краінамі, якія яны прадстаўляюць, кажу, што вы не пашкадуеце і ў будучым аб тым, што частка вашага жыцця засталася ў Беларусі. Вы спазналі, адчулі нашу краіну, - адзначыў беларускі лідар. - Вы для нас чалавек не чужы. Мы традыцыйна з савецкіх часоў з найвялікшай павагай ставімся да кубінскага народа і дзяржавы. Так будзе і ў далейшым. Вы нямала ўклалі сваіх сіл, каб развіваліся гэтыя адносіны і мацнеў іх фундамент".

У сваю чаргу кубінскі пасол падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за паслядоўную дружалюбную пазіцыю адносна Кубы. "За тую шчырую дружбу, якую вы заўсёды дэманстравалі ў адносінах да Фідэля Кастры, а таксама Рауля Кастры", - сказаў ён. Херарда Суарэс Альварэс падкрэсліў, што і кубінскія лідары заўсёды мелі пачуццё глыбокай дружбы да Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа.

"Мы ніколі не забудзем тыя шчырыя словы спачування, якія былі накіраваны ў сувязі са смерцю Фідэля Кастры, і той факт, што вамі быў накіраваны спецпасланнік для ўдзелу ў жалобных мерапрыемствах у Гаване", - сказаў дыпламат.

Закранаючы двухбаковыя адносіны, пасол адзначыў, што афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі на Кубу, які адбыўся ў 2012 годзе, надаў ім значны імпульс і дынаміку.

У цэлым Прэзідэнт Беларусі і кубінскі дыпламат закранулі ўвесь комплекс адносін паміж краінамі. Адзначана, што Беларусь можа прыняць больш актыўны ўдзел у планах сацыяльна-эканамічнага развіцця Кубы на бліжэйшыя гады. У ліку прыярытэтных напрамкаў - прамысловасць, сельская гаспадарка, навука і тэхналогіі, адукацыя і падрыхтоўка кадраў.