Сустрэча з паслом Грузіі ў Беларусі Валерыем Кварацхелія

  • 1

Беларусь удзяляе вялікую ўвагу супрацоўніцтву з Грузіяй і мае намер у далейшым пашыраць яго па ўсіх напрамках. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 снежня на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Грузіі ў Беларусі Валерыем Кварацхелія.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў Грузіі, важна зверыць гадзіннікі для развіцця беларуска-грузінскага ўзаемадзеяння. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Перш за ўсё хачу вас павіншаваць з заканчэннем гэтых палітычных баталій. Я лічу, гэта важная палітычная кампанія, якая, як лакмусавая паперка, прасвеціць грузінскае грамадства, да чаго яно схільнае сёння, у якім напрамку гатова рухацца".

Прэзідэнт заўважыў, што "сур'ёзныя ішлі баталіі", і ён за гэтым назіраў. "Выбары прайшлі ў вас паспяхова. Я віншую вас асабіста як пасла, грузінскі народ з заканчэннем палітычнага перыяду і прашу перадаць самыя добрыя, цёплыя пажаданні нававыбранаму Прэзідэнту, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Прэзідэнтам упершыню выбрана жанчына ў Грузіі, ды і на постсавецкай прасторы, і гэта, можа, добры вопыт, паглядзім. І Беларусь, наша грамадства будуць уважліва прыглядацца да вашага вопыту".

Што датычыцца беларуска-грузінскага супрацоўніцтва, то Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў яго станоўча. "Фундаментам як заўсёды з'яўляюцца гандлёва-эканамічныя адносіны. У нас і гандаль развіваецца, пачыналі некалі з нуля", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што з візітам у Грузіі цяпер знаходзіцца віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы. "Мы вялікую ўвагу ўдзяляем адносінам з дружалюбным і брацкім грузінскім народам і поўныя рашучасці пашыраць гэта супрацоўніцтва ва ўсіх сферах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што нядрэнна развіваюцца гуманітарныя кантакты. "Вы ведаеце, як ставяцца да грузін у Беларусі. Беларусы добра ведаюць і пра грузінскую "Тбілісобу", - адзначыў ён.

Паміж Беларуссю і Грузіяй ёсць план далейшых дзеянняў па развіцці супрацоўніцтва, і беларускі бок поўны рашучасці яго рэалізаваць. "Чакаю сустрэчы з новым Прэзідэнтам, Урадам. Пасля майго візіту там абнавіўся і Урад, і будзе вельмі важна зверыць гадзіннікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.