Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Сустрэча з намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі Мар'янай Шчоткінай

17 ліпеня 2018 года
Альтэрнатывы рабоце па дасягненні Мэт устойлівага развіцця няма. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 ліпеня на сустрэчы з нацыянальным каардынатарам па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі Мар'янай Шчоткінай.

"Некалі Арганізацыя Аб'яднаных Нацый прыняла адпаведную рэзалюцыю. Мы ўдзельнічалі ў абмеркаванні Мэт устойлівага развіцця да 2030 года і дамовіліся аб тым, што будзем садзейнічаць гэтаму плану Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, тым больш што гэта ў нашых інтарэсах, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Альтэрнатывы ў гэтым няма, мэты нармальныя".

Прэзідэнт адзначыў, што кожная краіна імкнецца дасягнуць Мэт устойлівага развіцця. "Гэта значыць, атрымаць сваё развіццё павінны ўсе дзяржавы планеты, у тым ліку і Беларусь", - дадаў ён. Кіраўнік дзяржавы спытаў, як будуецца работа ў гэтым напрамку, якія ёсць прапановы па павышэнні яе эфектыўнасці.

Мар'яна Шчоткіна сказала, што Беларусь актыўна працуе ў гэтым напрамку апошнія некалькі гадоў. У 2020 годзе дасягненні краіны будуць падрабязна прааналізаваны. "Сёння Беларусь займае асаблівае месца ў еўрапейскім рэгіёне, сярод краін СНД і былога Савецкага Саюза, таму што лідзіруе ў арганізацыі работы па ўстойлівым развіцці", - падкрэсліла яна.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў Мар'яны Шчоткінай, якая ўзначальвае Беларускі саюз жанчын, пра стан спраў у грамадскім аб'яднанні. Паводле слоў Прэзідэнта, гэта пытанне таксама для яго важнае, таму што ў краіне перыядычна ўзнімаецца тэма развіцця грамадзянскай супольнасці, асабліва ў так званых ліберальных колах.

"Мы дакладна вызначылі, што такое грамадзянская супольнасць у Беларусі: гэта не тое, што тры апазіцыянеры, два чыноўнікі і яшчэ нейкія арганізацыі. Грамадзянская супольнасць - гэта грамадзяне. А грамадзяне нашай краіны ў сваёй большасці - гэта і ветэраны, і моладзь, якую прадстаўляюць нашы, як я іх называю, камсамольцы - БРСМ, гэта прафсаюзы і жаночая арганізацыя", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што назірае збоку за дзейнасцю Беларускага саюза жанчын, аднак хацеў бы падрабязней даведацца пра яго работу з першых вуснаў.

Асобна ў час сустрэчы была закранута рэалізацыя Дэкрэта аб садзейнічанні занятасці. Раней Аляксандр Лукашэнка даручаў кантраляваць гэта пытанне кіраўніцтву Савета Рэспублікі. "Вы ў тэме. Вы, магчыма, нават лепш, чым хто-небудзь у краіне ведаеце канцэпцыю гэтага Дэкрэта", - адзначыў беларускі лідар.
Тэгі: Сустрэчы
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь