Сустрэча з намеснікам Генеральнага сакратара ААН, адміністратарам ПРААН Хелен Кларк

  • 1

Беларусь многае зрабіла для пераадолення наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Аб гэтым 25 красавіка заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з намеснікам Генеральнага сакратара ААН, адміністратарам Праграмы развіцця ААН (ПРААН) Хелен Кларк.

"Вы адзін з тых рэдкіх сусветных служачых, якія пабывалі ў рэгіёнах, што былі забруджаны пасля аварыі на ЧАЭС. Мне з вамі лёгка размаўляць, таму што вы, гэтак жа як і я, бачылі ўсё, што там было. Вы бачыце, колькі мы прыкладаем намаганняў на пераадоленне гэтых наступстваў", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Хелен Кларк і памочніку Генеральнага сакратара, дырэктару рэгіянальнага бюро па краінах Еўропы і СНД Джыхан Султанаглу за іх уклад у справу пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы. "Ёсць шмат у свеце добрых людзей. Такіх, як вы, як ААН, якія дапамагаюць нам у пераадоленні гэтай катастрофы. Але, згадзіцеся, гэта немагчыма сувымераць з тым, што зрабіла Беларусь, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Складанасць уся ў тым, што чарнобыльская катастрофа лягла на нашы плечы пасля распаду СССР. Мы не будавалі гэту станцыю, не эксплуатавалі, а бяда ў асноўным прыпала на нашу тэрыторыю. І разлічваць нам не было на каго".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на аднаўленне пацярпелых тэрыторый патрачана сума, роўная дзясяткам гадавых бюджэтаў Беларусі. "Мы збіралі гэтыя сродкі і ўкладвалі ў пераадоленне гэтай катастрофы. Сёння нам ужо не здаецца, што гэтыя землі назаўсёды страчаны, як гэта бачылася 30 гадоў таму", - адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь набыла ўнікальныя веды і вопыт па пераадоленні такіх катастроф. "Няхай гэта будзе нашым укладам у развіццё чалавецтва. Вы павінны ведаць: калі, не дай бог, недзе здарыцца бяда, нашы вучоныя, спецыялісты гатовы працаваць па пераадоленні гэтых наступстваў. Так было зусім нядаўна на "Фукусіме", дзе былі задзейнічаны нашы вопыт, веды, прыборы", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў Хелен Кларк і Джыхан Султанаглу ордэны Францыска Скарыны за значны асабісты ўклад у развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААН па правядзенні комплекснай рэабілітацыі і забеспячэнні ўстойлівага развіцця раёнаў, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

"Мы прымаем гэтыя ўзнагароды ад асобы ўсяго персаналу ААН, тых, хто прымаў удзел у праграме рэабілітацыі пацярпелых зямель на тэрыторыі Беларусі. Мы заўсёды адчувалі цвёрдую падтрымку кіраўніцтва Беларусі ў справе аднаўлення гэтых зямель", - сказала Хелен Кларк.

На сустрэчы было падкрэслена, што вынік ад укладзеных сродкаў у адраджэнне пацярпелых тэрыторый відавочны, што пацвярджае правільнасць прынятага раней рашэння.

У цэлым абмяркоўваліся перспектывы інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва Беларусі і ПРААН па шэрагу напрамкаў і праграм, пачынаючы ад сферы інфармацыйных тэхналогій да медыцыны. ПРААН таксама мае намер падтрымаць ініцыятыву па стварэнні новых рабочых месц у раённых і абласных цэнтрах Беларусі.

Плануецца, што 26 красавіка - дзень 30-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС - Кіраўнік дзяржавы правядзе ў пацярпелых раёнах, дзе размова пойдзе аб далейшым развіцці і рэабілітацыі гэтых тэрыторый, паляпшэнні якасці жыцця насельніцтва.