Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом В'етнама Ле Анем

  • 1

Эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і В'етнама трэба падцягваць да ўзроўню палітычных адносін. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 4 верасня на сустрэчы з паслом В'етнама Ле Анем, які завяршае дыпламатычную місію ў Беларусі.

"Палітычныя адносіны, наша дыпламатыя значна апярэджваюць гандлёва-эканамічныя адносіны. І зразумела, трэба падцягваць гандаль, эканоміку да ўзроўню нашых палітычных адносін. Мы да гэтага гатовы. Вельмі важна, што ўсё, што мы вырабляем у Беларусі, сёння запатрабавана ў В'етнаме. У сваю чаргу В'етнам вырабляе вельмі шмат тавараў, якія мы закупляем на знешніх рынках. Нам трэба актывізавацца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Для нас В'етнам - адзін з сур'ёзнейшых знешнепалітычных прыярытэтаў. Вы нам людзі не чужыя. Вы родныя для нас людзі, - адзначыў беларускі лідар. - Мы разам з вамі змагаліся за суверэнітэт і незалежнасць В'етнама, і ў тым працвітанні, якое намецілася ў В'етнаме, у тых поспехах, якія вы сёння маеце, мусіць, ёсць пэўная заслуга і савецкага чалавека". У аснове цяперашніх адносін - фундамент, закладзены яшчэ ў савецкі перыяд.

"Хачу вас запэўніць, і перадайце гэта кіраўніцтву В'етнама, што бліжэйшых сяброў у свеце вы не знойдзеце, іх проста няма. Мы вельмі цэнім, што В'етнам адпаведным чынам ставіцца да нас. Асабліва кіраўніцтва В'етнама. І цэнячы гэту дружбу, мы адпаведным чынам будзем дзейнічаць. Вы заўсёды будзеце бачыць у нас не проста надзейных партнёраў - гэта не абмяркоўваецца, але і блізкіх сяброў, якія гатовы прыйсці вам на дапамогу ў любую хвіліну, для таго каб шматпакутны народ В'етнама жыў і працвітаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У сваю чаргу пасол В'етнама падкрэсліў, што цяперашняе кіраўніцтва яго краіны і беларускае - з аднаго пакалення. Таму знайсці агульную мову і зразумець адзін аднаго ім проста.