Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана ў Беларусі Махмадшарыфам Хакдодам

3 чэрвеня 2019 года
Беларусь і Таджыкістан павінны строга прытрымлівацца дарожнай карты развіцця двухбаковых адносін. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паведаміў 3 чэрвеня на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Таджыкістан у Беларусі Махмадшарыфам Хакдодам.

"У бліжэйшы час, мы аб гэтым дамовіліся, прыедзе ў Беларусь ваш Прэзідэнт. Яго ведаюць, любяць у Беларусі. І ведае не толькі, як у нас цяпер прынята гаварыць, эліта - тыя, якія займаюцца палітыкай. Эмамалі Шарыпавіча добра ведае беларускі народ. Мы чакаем яго прыезду", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пакуль чакаецца, што Прэзідэнт Таджыкістана наведае Беларусь напярэдадні закрыцця ў Мінску II Еўрапейскіх гульняў. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць развіццё двухбаковых адносін, рэалізацыю дасягнутых раней дамоўленасцей. "Ён пабудзе ў Беларусі. Няхай бліжэй пазнаёміцца з нашай краінай, яна адрозніваецца па прыродзе ад вашай: у вас больш гор, у нас іх, на жаль, няма наогул. Хоць у вас ёсць і такія мясціны, як у нас у Беларусі. Я іх бачыў, ён вазіў мяне ў гэтыя раёны, - адзначыў Прэзідэнт. - Ён некалькі дзён будзе знаходзіцца ў Беларусі, і, вядома, мы з вамі павінны яго дастойна сустрэць".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў сувязі з гэтым асабліва важна абмеркаваць пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння, ход выканання апошніх дамоўленасцей. "У нас ёсць дарожная карта, яе трэба строга рэалізоўваць - гэта выгадна і нам, і вам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Раней краіны дамовіліся высадзіць у Беларусі сады дружбы. Пладовыя культуры з Таджыкістана ўжо ёсць у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. "Калі пойдзе гэта, вы будзеце піянерам у Беларусі па перамяшчэнні садоў крайняга поўдня, некалі вялікай краіны Савецкага Саюза, сюды, у паўночную Беларусь. Я думаю, што павінна атрымацца", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У час сустрэчы таксама закраналася развіццё прамысловай кааперацыі паміж краінамі, у тым ліку работа зборачнай вытворчасці беларускай трактарнай тэхнікі ў горадзе Гісар. "У гэтым годзе, па-мойму, яны ужо выпусцілі пяцьсот трактароў. Ёсць вялікі попыт у суседніх дзяржавах. Мы гатовы і далей развіваць наша сумеснае прадпрыемства ў тым плане, як мы і дамаўляліся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з пазітыўнымі прыкладамі ў двухбаковых адносінах Прэзідэнт выказаў насцярожанасць падзеннем тавараабароту з Таджыкістанам. "Над гэтым трэба МЗС і ўрадам папрацаваць, каб выраўнаваць тавараабарот паміж дзвюма краінамі. І актыўней трэба выходзіць на рынкі трэціх краін з сумеснай прадукцыяй", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Тэгі: Сустрэчы
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь