Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расіі ў Беларусі Дзмітрыем Мезенцавым

10 верасня 2020 года

Беларусь і Расія значна рушылі наперад у вырашэнні існуючых праблем і задач. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 верасня на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расіі ў Беларусі Дзмітрыем Мезенцавым.

"Мы ўсе - і пасольства Расіі, і наша краіна - жывём у канкрэтных умовах. Вы добра бачыце сітуацыю ў Беларусі. Думаю, што мы значна рушылі наперад літаральна ў апошнія дні, можа, пару тыдняў у вырашэнні тых праблем і задач, якія назбіраліся паміж Беларуссю і Расіяй. Хацелася б, каб гэта дынаміка была захавана", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у час нядаўніх перагавораў двух урадавых дэлегацый у Мінску былі дасягнуты вельмі добрыя дамоўленасці. "Мы працуем над іх развіццём. Вядома, у бліжэйшы час мы сустрэнемся з Прэзідэнтам Расіі і, напэўна, паставім вялікую кропку ў рэалізацыі гэтых адносін і дамоўленасцей, каб рухацца далей. Вядома, яшчэ будзе шмат пытанняў, яны заўсёды будуць. Калі ідзе супрацоўніцтва, з'яўляецца нямала пытанняў, іх, вядома, трэба вырашаць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У канцы верасня ў Мінску і Мінскай вобласці пройдзе VII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэта будзе эканамічны трамплін для збліжэння пазіцый па шэрагу пытанняў. "Там будуць прадстаўнікі рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Гэта ж не проста мы сабраліся там, нешта паказалі, самі паказаліся і на гэтым усё. Не. Я лічу, што гэта будзе вельмі моцны крок у рэалізацыі канкрэтных дамоўленасцей на ўзроўні прадпрыемстваў, - падкрэсліў ён. - Таму развіццё адносін цяпер нас задавальняе. Думаю, нам не трэба губляць тую дынаміку, якую мы намецілі".

Прэзідэнт таксама выказаў удзячнасць паслу за яго дзейнасць у Беларусі і арганізацыю работы расійскіх СМІ ў Беларусі. "Вы літаральна за гэтыя месяцы зрабілі столькі, колькі папярэднія паслы не рабілі за гады. Дай бог, каб расійскі пасол і далей так працаваў. Нас гэта задавальняе", - заяўляе Кіраўнік дзяржавы.

Дзмітрый Мезенцаў расказаў, што некалькі дзён таму размаўляў са Старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка. І яна, адзначыў пасол, надае велізарнае значэнне рэгіянальнаму супрацоўніцтву паміж Беларуссю і Расіяй. "Рыхтуецца вялікая дэлегацыя губернатараў, кіраўнікоў суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. Мінск падхоплівае эстафету Пецярбурга, калі на пляцоўцы шостага форуму рэгіёнаў было падпісана пагадненне - дзеля людзей, прадпрыемстваў, бізнес-аб'яднанняў, аграгарадкоў - на $500 млн. Гэта ж не абстрактныя лічбы, а дадатковы аб'ём у тавараабароце, расшырэнне расійскіх рынкаў для беларускіх пастаўшчыкоў ва ўсіх рэгіёнах", - звярнуў увагу дыпламат.

Карыстаючыся выпадкам, Дзмітрый Мезенцаў таксама павіншаваў Кіраўніка дзяржавы з мінулым днём нараджэння і ўручыў яму кнігу з тапаграфічнымі картамі Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў. Першы экзэмпляр факсімільнага выдання 1866 года. "Гэта яшчэ адно пацвярджэнне справядлівасці меж Беларусі, у тым ліку і адказ усім тым, хто глядзіць па-іншаму", - заявіў ён.


Тэгі: Сустрэчы
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь