Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расіі ў Беларусі Аляксандрам Сурыкавым

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка плануе зрабіць афіцыйны візіт у Расійскую Федэрацыю. Пытанні падрыхтоўкі да яго абмяркоўваліся 16 лістапада ў час сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расіі ў Беларусі Аляксандрам Сурыкавым.

Гэта будзе першы пасля прэзідэнцкіх выбараў візіт Аляксандра Лукашэнкі, і Кіраўнік дзяржавы зробіць яго ў Расію па запрашэнні Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна.

Беларускі лідар падзякаваў за запрашэнне наведаць Расійскую Федэрацыю з афіцыйным візітам. "Гэта правільна будзе, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, як звычайна, я наведваю не чужую мне Расію, як некаму не падабалася б. Думаю, гэта будзе правільна, і гэта адказ на многія пытанні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па лініі Беларусь - Расія адбудзецца шэраг мерапрыемстваў у двухбаковым фармаце. "Лічу, што і ў шматбаковым фармаце будзем сустракацца з іншымі прэзідэнтамі", - заўважыў таксама Аляксандр Лукашэнка. Ён лічыць, што ёсць аб чым пагаварыць, і шчыра пагаварыць, каб у нас не было ніякіх недагаворванняў. Прэзідэнт падкрэсліў, што "гатовы да шчырай і сур'ёзнай размовы на тэму беларуска-расійскіх адносін".

 Аляксандр Лукашэнка прапанаваў "шчыра абмеркаваць і праблемныя пытанні, калі яны ёсць, а таксама акрэсліць перспектыву". Кіраўнік дзяржавы лічыць, што да маючай адбыцца сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі можна будзе падкарэкціраваць некаторыя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва з тым, каб зняць некаторую насцярожанасць. Разам з тым ён заўважыў, што не бачыць тут вострых праблем.

На сустрэчы абмяркоўваўся шырокі спектр беларуска-расійскіх адносін, у тым ліку ў рамках Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС.