Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Германіі ў Беларусі Петэрам Дэтмарам

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае ўклад Германіі і яе пасла Петэра Дэтмара ў нармалізацыю адносін Беларусі з Еўрасаюзам. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 13 мая на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Германіі ў Беларусі.

"За перыяд вашай місіі ў Беларусі адбыліся значныя змяненні ва ўзаемаадносінах не толькі Беларусі з Германіяй, што выяўляецца ў тавараабароце - ён вырас амаль на трэць. Вельмі добры рост. Але акрамя тавараабароту і нашых адносін з Германіяй у нас пацяплелі адносіны ў цэлым з Еўрапейскім саюзам. У Еўрапейскім саюзе Германія - вядучая краіна. А вы прадстаўлялі Германію ў Беларусі. Таму мы вельмі станоўча ацэньваем не толькі ўклад Германіі, але і ваш асабісты ўклад у нармалізацыю адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам", - заявіў беларускі лідар.

"Тым не менш заўсёды ёсць пытанні. Як бы станоўча ні развіваліся адносіны. Нават вазьміце нашы вельмі развітыя, дружалюбныя, брацкія адносіны з Расіяй - тым не менш шмат пытанняў, якія трэба вырашаць. Таму і з Германіяй у нас, і тым больш з Еўрапейскім саюзам ёсць нямала пытанняў, якія трэба вырашаць. І я хацеў бы, каб вы шчыра выказаліся па гэтых праблемах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што вельмі ўважліва назіраў за місіяй пасла Германіі ў Беларусі, і не толькі таму, што гэта краіна з'яўляецца адной з буйнейшых эканомік свету. "Яшчэ і таму, што фігура пасла вельмі цікавая і стаўленне ваша да Беларусі вельмі пазітыўнае. Нягледзячы на тое, што вы пасол, і ў вас ёсць пэўныя рамкі, якія цывілізаваны, дасведчаны чалавек ніколі не пераступіць. Вы прадстаўлялі тут сваю краіну, прадстаўлялі палітыку гэтай краіны. Я цудоўна разумею, што такое пасада пасла, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Зыходзячы з тых крытэрыяў, па якіх ацэньваецца дзейнасць пасла, вы вельмі прыстойны чалавек".

У сваю чаргу Петэр Дэтмар падзякаваў за магчымасць нанесці развітальны візіт. "І перш за ўсё ўдзячны вам за давер, які вы аказвалі мне на працягу ўсяго майго тэрміну дзейнасці - амаль чатыры гады ў Беларусі. І я згодны, што за апошнія чатыры гады адносіны паміж нашымі краінамі развіваюцца вельмі дынамічна", - сказаў ён.