Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Германіі ў Беларусі Петэрам Дэтмарам

  • 1

У адносінах у Еўрапейскім саюзам Беларусь кіруецца прынцыпам дружалюбнага развіцця адносін з суседзямі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 снежня на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Германіі ў Беларусі Петэрам Дэтмарам.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што традыцыйна сустракаецца з замежнымі пасламі, каб разумець перспектывы развіцця адносін з ключавымі партнёрамі.

"Такім з'яўляецца для нас і Германія. Я не хачу нічога тут утойваць, нягледзячы на тое, што чарговы раз магу быць раскрытыкаваны з боку вядомых сіл і пісак. Германія нас вельмі цікавіць у сувязі з тым, што, па-першае, немцы нас разумеюць, успрымаюць. Па-другое, гэта высокатэхналагічная, магутная краіна, і мы зацікаўлены ў інвестыцыях і тэхналогіях. Таксама ў нас існуе шэраг іншых інтарэсаў, аб якіх я сёння гатовы з вамі пагаварыць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адразу прапанаваў на час забыць пра дыпламатычныя фармальнасці і весці размову шчыра і адкрыта. "Я чакаю поўнай яснасці: чаго Германія хацела б ад Беларусі, што не падабаецца ў Беларусі? - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы. - Я шчыра вам скажу, чаго мы хацелі б атрымаць ад Германіі, ды і ад Еўрасаюза. Вы вядучая краіна, апора Еўрасаюза, калі хочаце, галоўная захавальніца. Еўрасаюза без Германіі сёння проста не было б, а ён наш сусед. У нас прынцып адзін: з суседзямі трэба будаваць адносіны і жыць нармальна".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што Беларусь можа пайсці насустрач у пэўных пытаннях, але не ва ўсіх. "Адзінае хачу сказаць, каб Германія - хоць немцы гэта разумеюць - ніколі не ставіла нас перад выбарам. Вось амерыканцы гэта зразумелі. Размаўляў нядаўна з памочнікам дзяржсакратара, і ён мне прама сказаў: "Мы не хочам ставіць Беларусь перад выбарам: вы з Усходам ці вы з Захадам?" Мы там, дзе мы ёсць. Госпадам Богам гэта вызначана, і штурхаць нас туды-сюды не трэба. Мы зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў, інтарэсаў нашых суседзяў будзем будаваць нашу мірную палітыку. Мы ніколі не станем ачагом напружанасці ў Еўропе", - заявіў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь прайшла праз цяжкія выпрабаванні і страціла вялікую колькасць насельніцтва. "Нам больш ніякіх войнаў не трэба. Напэўна, таму Германія імкнецца ў любой кропцы паспрабаваць урэгуляваць нейкія канфлікты мірным шляхам. Мы таксама гэтага хочам. Таму мы ніколі не будзем праблемай для Еўрапейскага саюза, у тым ліку і для Германіі. Таго ж самага мы хацелі б і ад Германіі: мы хочам, каб Германія, разумеючы нас, рабіла канкрэтныя крокі насустрач", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы ўказаў на праблемы ў гандлёвых адносінах паміж краінамі: "Вы агароджу выбудавалі і нават да агароджы нікога не падпускаеце. Горш чым у Трампа з Мексікай сцяна выбудавана, толькі яна нябачная, эканамічная. Таму мы хацелі б нарэшце зняць гэтыя агароджы. Калі Еўрапейскі саюз такі прыхільны да рыначнай эканомікі, чаго тады загароджвацца?"

У сваю чаргу Петэр Дэтмар адзначыў, што ўвогуле правёў ужо ў Беларусі восем гадоў. На думку дыпламата, 2018 год стаў найбольш паспяховым і важным у адносінах Беларусі і Германіі як у палітычным, так і ў эканамічным плане.