Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Азербайджана ў Беларусі Ісфандзіярам Вагабзадэ

  • 1

Паміж Беларуссю і Азербайджанам устаноўлены моцныя, фундаментальныя адносіны. Аб гэтым заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 1 снежня на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Азербайджана ў Беларусі Ісфандзіярам Вагабзадэ з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў нашай краіне.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што апошнія шэсць гадоў былі "найбольш бурнымі ў адносінах паміж Беларуссю і Азербайджанам". "У гэты час мы закладвалі аснову моцных, фундаментальных адносін, за што я Вам удзячны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць візіту ў Баку, што адбыўся гэтымі днямі. "Мы вярнуліся з Вашай радзімы. Думаю, што Беларусь стане Вашай другой радзімай, бо Вы тут прапрацавалі амаль 6 гадоў. Яшчэ не было такога выпадку, каб пасол, прапрацаваўшы столькі гадоў, паехаў, не адчуўшы Беларусь сваёй другой радзімай", - заўважыў беларускі лідар.

У сваю чаргу пасол Азербайджана сказаў, што ў час дыпламатычнай місіі вялікую ўвагу ў тым ліку ўдзяляў развіццю беларуска-азербайджанскіх культурных сувязей. У прыватнасці, займаўся перакладамі твораў беларускіх класікаў, каб бліжэй пазнаёміць азербайджанцаў з беларускай літаратурай і культурай, што ў цэлым садзейнічае ўмацаванню ўзаемаразумення паміж народамі.

З улікам дасягнутых на вышэйшым узроўні дамоўленасцей Беларусь і Азербайджан маюць намер нарасціць узаемны тавараабарот да $700 млн, таму вялікую ўвагу ў будучым годзе трэба ўдзяліць менавіта развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Садзейнічаць вырашэнню гэтай задачы будзе новы пасол Азербайджана, які ў бліжэйшы час прыбудзе ў Мінск.