Сустрэча з Міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем

    Беларусь гатова выбудоўваць адносіны з ЕС і ЗША, але не на шкоду нацыянальным інтарэсам. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 28 ліпеня ў час рабочай сустрэчы з Міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.

    "Апошнім часам мы канстатуем факт, што Еўрапейскі саюз, ды і ЗША, можа, праз зубы, але неяк пачынаюць размаўляць з Беларуссю. Хачу публічна падкрэсліць, што ў нашы планы ні ў якім разе не ўваходзіць нейкае стварэнне дадатковай напружанасці з Еўрапейскім саюзам, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У нас і так хапае гэтай напружанасці, нам трэба разрульваць гэту сітуацыю, але не на шкоду нашай краіне".

    Прэзідэнт адзначыў, што гэтыя пытанні абмяркоўваліся ў час яго нядаўняй сустрэчы з кіраўнікамі беларускіх загранустаноў. "У прынцыпе, на ўсе пытанні МЗС я адказаў, у якім напрамку мы павінны будаваць нашы адносіны з Еўрапейскім саюзам, на што можам пайсці, на што - не", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама пацікавіўся вынікамі вучобы кіраўнікоў беларускіх загранустаноў, якая штогод праводзіцца ў Міністэрстве замежных спраў.

    У ходзе рабочай сустрэчы Прэзідэнта і Міністра замежных спраў была таксама закранута беларуска-расійская тэматыка. "І самае галоўнае - інфармацыя па Расійскай Федэрацыі, як тут, на усходнім напрамку, у нас ідуць справы, - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. - Мне, вядома, забаўна, шчыра кажучы, чытаць некаторыя каментарыі аб тым, што мы тут паміж Захадам і Усходам. Як быццам Гасподзь нас размясціў не паміж Захадам і Усходам".

    "Наш лёс такі, што мы паміж Захадам і Усходам, і зыходзячы з гэтага мы выбудоўваем нашы адносіны і нашу пазіцыю, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Але гэта не значыць, што мы спрабуем сядзець на двух крэслах. Гэта непрымальна для нас, гэта не аснова нашай знешнепалітычнай і эканамічнай дактрыны".

    На рабочай сустрэчы былі закрануты і пытанні, звязаныя з сітуацыяй ва Украіне, выкананне раней дадзеных Прэзідэнтам Беларусі даручэнняў па эканамічным супрацоўніцтве з гэтай краінай.

    Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся ў Міністра тэндэнцыямі знешнеэканамічнай дзейнасці - ці ёсць зрухі, асабліва ў рэалізацыі прадукцыі за межы краіны.

    Прэзідэнт у цэлым падтрымаў планы знешнепалітычнага ведамства па пашырэнні інтарэсаў Беларусі ў розных сферах.