Сустрэча з Міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем

  • 1

Аптымізацыя ў МЗС і развіццё знешнеэканамічнай дзейнасці абмяркоўваліся 18 студзеня на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.

"Вы хацелі абмеркаваць са мной пытанні аптымізацыі МЗС. Калі там ёсць нейкія нестыкоўкі, няўзгодненасці, я гатовы, каб мы канчаткова маглі прыняць рашэнне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Як было даложана, цэнтральны апарат МЗС па выніках аптымізацыі скарочаны на трэць, а ў загранустановах аптымізацыя адбудзецца на 15%. Акрамя таго, будуць закрыты некалькі загранустаноў, але ў той жа час прапрацоўваецца магчымасць адкрыцця новых у тых краінах і рэгіёнах, дзе гэта неабходна з улікам развіцця супрацоўніцтва. Прэзідэнт адобрыў адпаведныя падыходы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў у кантэксце аптымізацыі распрацаваць сістэму маральнага стымулявання супрацоўнікаў дыпламатычнай службы. З улікам маючага адбыцца 100-годдзя з дня стварэння дыпламатычнай службы Беларусі, Кіраўнік дзяржавы даручыў унесці канкрэтныя прапановы наконт гэтага.

На рабочай сустрэчы таксама падрабязна абмяркоўвалася тэматыка знешнеэканамічнай дзейнасці. "У першым прыбліжэнні я знаёмы з вынікамі. І некалькі слоў аб перспектывах у плане дыверсіфікацыі знешняга гандлю, дзейнасці нашых пасольстваў", - пацікавіўся Прэзідэнт.

У развіцці знешнеэканамічнай дзейнасці па выніках 2017 года назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі. Адбыўся рост экспарту на 23%. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што нельга спыняцца на дасягнутым, і даручыў дасканала прааналізаваць усе недапрацоўкі ў гэтай сферы.

Прэзідэнт узгадніў канцэптуальныя падыходы знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці краіны на 2018 год. У прыватнасці, узгоднены падыходы па развіцці адносін з Еўрасаюзам.

Абмяркоўваўся таксама графік замежных візітаў Кіраўніка дзяржавы ў бягучым годзе і на бліжэйшы перыяд. Прэзідэнт праінфармаваны аб важных міжнародных мерапрыемствах, якія плануецца правесці ў Беларусі ў 2018 годзе.