Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Сустрэча з Міністрам замежных спраў Турцыі Меўлютам Чавушаглу

28 жніўня 2019 года

Беларусі і Турцыі неабходна сістэматызаваць гандлёва-эканамічныя адносіны і істотна нарасціць тавараабарот. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 жніўня на сустрэчы з Міністрам замежных спраў Турцыі Меўлютам Чавушаглу.

"Упэўнены, што ваш візіт будзе садзейнічаць сістэматызацыі нашых адносін, прывядзенню ў парадак гандлёва-эканамічных адносін, вырашэнню тых праблем, якія ў нас існуюць. Галоўнае, каб вы іх, не саромеючыся, абазначылі, а мы, разумеючы вас, змаглі на гэта дастойна адрэагаваць", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў асабліва дружалюбны характар адносін паміж Беларуссю і Турцыяй. "Дзякуючы той палітыцы, якую праводзяць Міністэрства замежных спраў, ваш прэзідэнт, у нас вельмі добрыя адносіны з Турэцкай Рэспублікай", - канстатаваў ён.


"Мы супрацоўнічаем з вамі па ўсіх напрамках. Закрытых тэм у супрацоўніцтве і ў адносінах паміж намі няма. Мы прайшлі вельмі доўгі і няпросты шлях. Перад намі стаялі розныя выклікі, мы з вамі вырашалі розныя пытанні, пра якія не гаворым і да гэтага часу. Трэба аддаць належнае: мы паспяхова вырашалі праблемы, якія ўзнікалі ў нас з вамі і ў міжнародных адносінах у цэлым", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым узровень гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва неабходна выводзіць на новы ўзровень. "Працаваць ёсць над чым. Нам, вядома, трэба ўдасканальваць фундамент адносін, гандлёва-эканамічныя адносіны. Такія краіны, як Турцыя і Беларусь, маючыя вялікі патэнцыял у сваім развіцці, могуць мець у разы большы тавараабарот, чым цяпер. У нас, можна сказаць, нейкая неразбярыха ў гэтых адносінах", - перакананы Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным, каб да выпрацоўкі надзейнага плана дзеянняў для павелічэння тавараабароту падключыліся міжурадавая камісія, пасольствы дзвюх краін. "Пагадзіцеся: калі тавараабарот вялікі, калі мы вельмі залежныя адзін ад аднаго, то ўжо нікому не ўдасца разарваць гэтыя адносіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Меўлют Чавушаглу пагадзіўся з меркаваннем беларускага лідара і адзначыў, што яго візіт нацэлены на тое, каб сумесна з калегамі з МЗС Беларусі выпрацаваць канкрэтныя дзеянні для дасягнення тых высокіх мэт, якія былі пастаўлены раней прэзідэнтамі дзвюх краін. Ён таксама выказаў удзячнасць за магчымасць сустрэчы і высокую ацэнку беларуска-турэцкіх адносін з боку Аляксандра Лукашэнкі. "Я ўдзячны за тое, што мяне і маю краіну вы вызначылі як дружалюбную", - сказаў міністр.


Тэгі: Сустрэчы
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь