Сустрэча з міністрамзамежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым

    Беларусь занепакоена тэндэнцыяй пагаршэння сітуацыі ва Украіне. Аб гэтым заявіў 18 лістапада Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.

    "Апошнім часам сітуацыя вакол нашых граніц, Саюзнай дзяржавы насцярожвае. Мы не можам згадзіцца з той актыўнасцю, якая сёння прымаецца з боку заходніх дзяржаў на заходніх граніцах нашай Саюзнай дзяржавы. Мы не можам згадзіцца з тэндэнцыяй пагаршэння сітуацыі ва Украіне, не толькі ў Данбаскім, Данецкім рэгіёнах, але і ў цэлым ва Украіне", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

    "Мы вельмі спадзяваліся, што пасля выбараў сітуацыя будзе развівацца ў лепшым напрамку, у напрамку стабільнасці. Але, на жаль, мы гэтага не бачым", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка лічыць,  што сітуацыя вакол Беларусі вельмі цесна звязана і з Расіяй. "Праблемы непадзельныя: нашы праблемы - гэта і вашы праблемы, а вашы праблемы - гэта нашы праблемы, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Гэта націск на Беларусь, які далёка не абыякавы для Расійскай Федэрацыі, зразумела, гэта націск і на Расійскую Федэрацыю, у якой і так праблем дастаткова".

    "Таму гэты клубок праблем, якія складаюцца вакол нас, перш за ўсё датычацца знешнепалітычных ведамстваў, вісяць над сітуацыяй у Беларусі і, зразумела, Расіі, яны нас не турбаваць не могуць", - падкрэсліў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб гэта тэма была абмеркавана беларускім і расійскім бакамі, і "мы прыйшлі да нейкай адзінай пазіцыі і разам маглі зладжана дзейнічаць у адзіным ключы". "Праблема ёсць, яе трэба вырашаць", - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы, звярнуўшы ўвагу на важнасць сустрэч у Мінску для выпрацоўкі напрамкаў дзейнасці.

    Што датычыцца двухбаковых беларуска-расійскіх адносін, то Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што насцярожваючых праблем у адносінах няма наогул. "Мы пачынаем новы год у прынцыпе без праблем у нашых адносінах, нават дробных. Мы дамовіліся па ўсіх пытаннях", - сказаў Прэзідэнт Беларусі. На яго думку, калі б усе міністэрствы і ведамствы з абодвух бакоў працавалі так, як міністэрствы замежных спраў і абароны, у дзвюх дзяржаў наогул не было б ніякіх праблем.

    Аляксандр Лукашэнка перадаў самыя добрыя словы падтрымкі Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну. "Я бачу, наколькі ў яго цяпер графік насычаны, у асноўным у цяжкім рэгіёне на Усходзе, і фізічна, і ў плане адлегласці", - сказаў беларускі лідар. Ён таксама папрасіў перадаць добрыя пажаданні Дзмітрыю Мядзведзеву.