Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з Міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам

26 ліпеня 2019 года

Беларусь мае намер больш сур'ёзна развіваць эканамічныя адносіны з Латвіяй. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 ліпеня на сустрэчы з Міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам.

У ліку пытанняў, якія абмяркоўваліся на перагаворах, былі эканоміка і гандаль, у нарошчванні якога ёсць узаемная зацікаўленасць. Існуючы цяпер паказчык беларуска-латвійскіх адносін у памеры амаль $600 млн - недастатковы з улікам магчымасцей, перакананы Аляксандр Лукашэнка.

"Не хацеў бы, каб палітыка стаяла над эканомікай. Але калі нейкія краіны нас не разумеюць і не ўспрымаюць у гэтым плане, і гэта ўплывае на эканоміку Беларусі, вядома, мы будзем шукаць лепшыя варыянты. І я вельмі рады, што ў нас з вамі, з вашай краінай, з кіраўніцтвам і народам гэтай добрай балтыйскай краіны няма асаблівых праблем, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Так, над вамі стаіць ЕС, я разумею, што там за сітуацыя, 28 краін, ды і многія не ў захапленні ад тых працэдур, якія сёння прапісаны ў вашых адносінах. Але, тым не менш, вы знаходзіце магчымасць выбудоўваць роўныя і прыстойныя адносіны са сваім суседам - Беларуссю. Я гэта разумею і вельмі цаню".

Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь будзе развіваць з Латвіяй адносіны, перш за ўсё гандлёва-эканамічныя, паколькі гэта база, на якой грунтуюцца догмы палітычных і дыпламатычных адносін. "Мы будзем развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны, калі вы да гэтага гатовы, і больш сур'ёзна развіваць, на карысць нашых дзяржаў", - сказаў беларускі лідар.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка больш шырока закрануў заходні вектар знешнепалітычных адносін Беларусі: "Мы хочам добрых адносін з Заходняй Еўропай, з Еўропай наогул, Еўрасаюзам, ЗША. Я як чалавек, які ў палітыцы нямала гадоў, разумею гэта і разумею, што значыць ЕС і Амерыка, але мы ніколі і ні за якія грошы не станем ірваць нашы адносіны з брацкай Расіяй", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама прадоўжыў: "Гэта наша Расія, гэта нашы людзі, якія нас паважаюць, і дзе рэйтынг Прэзідэнта Беларусі ў шматнацыянальнай Расіі - за 60%. Чаму мы павінны скоса глядзець на гэту краіну, якая ў цяжкую хвіліну заўсёды нам падстаўляла плячо, але гэта не значыць, што мы можам адступацца ад сваіх прынцыповых інтарэсаў адносна Захаду, Усходу, Кітайскай Народнай Рэспублікі, з якімі ў нас добрыя адносіны і агульныя інтарэсы. Гэтага ніколі не будзе, ды вы гэта і бачыце. Я вам гавару гэта публічна і шчыра. Хачу, каб вы разумелі нашу палітыку".

"Хачу, каб вы не слухалі розныя разважанні, што мы туды-сюды, ад некага залежныя. Свет узаемазалежны: вы ад некага залежыце, мы ад некага залежым, ад нас нехта залежыць, так магу сказаць пра Латвію, Літву, Эстонію. Мы невялікія дзяржавы, хоць маленькіх дзяржаў не бывае, таму што ўсе народы роўныя, і нешматлікія, і шматлікія. Мы з таго таксама зыходзім. Не можа дзяржава мець перавагу па плошчы або насельніцтве над кімсьці, я гэта наогул не ўспрымаю". Ён падкрэсліў, што ў гэтым сутнасць незалежнасці Беларусі. "За гэта выступаюць заўсёды і балтыйскія дзяржавы, у тым ліку Латвія. Можаце быць упэўнены, што вы маеце адносіны з суверэннай незалежнай дзяржавай. Так, думаю, будзе заўсёды, прынамсі, пакуль я Прэзідэнт, гэта дакладна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за запрашэнне наведаць Латвію і запэўніў, што ў бліжэйшы час мае намер гэта зрабіць. Галоўнае, каб быў добры вынік ад такой паездкі і для гэтага патрэбна добрая прапрацоўка пытанняў двухбаковага парадку дня. Ён перадаў самыя добрыя пажаданні кіраўніцтву і народу Латвіі. Прэзідэнт таксама сказаў, што ў Беларусі заўсёды рады бачыць прадстаўнікоў Латвіі. Ён адзначыў, што беларусы, якія наведваюць латвійскую сталіцу, у захапленні ад убачанага, як і латвійскі Міністр ад Мінска, што відаць па яго выказваннях на сустрэчах у час гэтага візіту.


Тэгі: Сустрэчы
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь