Сустрэча з міністрам замежных спраў Ірана Махамадам Джавадам Зарыфам

  • 1

Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва з Іранам. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 17 лютага  на сустрэчы з міністрам замежных спраў Ірана Махамадам Джавадам Зарыфам.

Паводле слоў Кіраўніка беларускай дзяржавы, сведчаннем таго з'яўляюцца інвестыцыі Ірана ў беларускую эканоміку. У прыватнасці, у беларускія праекты ўкладзена больш за $600 млн. Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што апошнім часам з-за, у тым ліку і аб'ектыўных прычын, адзначаецца пэўнае тармажэнне ў рэалізацыі гэтых праектаў, нягледзячы на тое, што беларускі бок заўсёды ішоў насустрач іранскім партнёрам, прадастаўляючы лепшыя ўмовы. "Хачу запэўніць, што мы заўсёды будзем свята прытрымлівацца нашых дамоўленасцей і будзем рабіць усё для таго, каб нашы партнёры ў Беларусі адчувалі сябе надзейна", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мае намер у хуткім часе наведаць Іран, падкрэсліўшы, што ў час маючага адбыцца візіту упор будзе зроблены на эканамічным складніку адносін Беларусі і Ірана.

"Нашы палітычныя, дыпламатычныя адносіны знаходзяцца на беспрэцэдэнтна высокім узроўні, што не скажаш аб эканамічных. Таму ў час гэтага візіту галоўны ўпор мы хацелі б зрабіць на эканоміцы, і, зразумела, праграма візіту павінна быць напоўнена эканамічным зместам", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Мы перажываем яшчэ складаныя часы. Іран, як і Беларусь, зведвае знешняе ўздзеянне, прымяняюцца па асобных напрамках санкцыі ў адносінах да вашай краіны, гэтак жа, як некалі было, ды і існуе цяпер, у адносінах да нашай краіны. Але тым не менш, у гэтай сітуацыі мы можам паказаць узор супрацоўніцтва дзяржаў", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Ірана перадаў прывітанне ад Прэзідэнта гэтай краіны Хасана Раўхані, адзначыўшы, што ён чакае візіту кіраўніка беларускай дзяржавы.