Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Сустрэча з Міністрам замежных спраў Грузіі Міхеілам Джанелідзэ

4 верасня 2017 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае прагрэс у развіцці беларуска-грузінскага супрацоўніцтва і адсутнасць спрэчных пытанняў. Аб гэтым ён заявіў 4 верасня на сустрэчы з намеснікам Прэм'ер-міністра - Міністрам замежных спраў Грузіі Міхеілам Джанелідзэ.

"Цэлы комплекс уражанняў, ведаў, нашых адносін падштурхоўваюць нас да таго, каб мы і далей мелі вельмі блізкія дружалюбныя адносіны з грузінскім народам. Апошнім часам мы вельмі актыўна ўзяліся за іх развіццё. Вядома, без міністэрстваў замежных спраў гэта было б немагчыма. У нас практычна няма пытанняў, па якіх мы спрачаліся б. Мы вельмі патрэбны вам, вы вельмі патрэбны нам. Нашы эканомікі не канкурыруюць адна з адной", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць Беларусі і далей пастаўляць у Грузію неабходную прадукцыю машынабудавання. "Мы з вялікім задавальненнем бяромся за новыя ўзоры тэхнікі. Каб вырабіць іх для Грузіі і горных краін, дзе трэба апрацоўваць невялікія кавалачкі зямлі, якія эфектыўныя і даюць вельмі добрыя ўраджаі", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў вялікую павагу і інтарэс у Беларусі да грузінскага народа і яго культуры. "Мы заўсёды гатовы працаваць разам, супрацоўнічаць. Вы нам людзі не чужыя. Грузіны - нашы браты", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі захоўваюць памяць аб прадстаўніках Грузіі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, вызваляючы ад захопнікаў Савецкі Саюз і Беларусь як яго частку. "Мы гэта добра помнім і свята захоўваем усе помнікі, даглядаем іх", - сказаў Прэзідэнт.

Сумесных старонак гісторыі, нягледзячы на некаторую геаграфічную аддаленасць, у дзвюх краін нямала, падкрэсліў беларускі лідар. "Мы ведаем, што вялікая грузінская нацыя, культура грузінскага народа садзейнічала развіццю культур іншых народаў, у тым ліку і нашай", - заўважыў ён.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў гатоўнасць беларускага боку заўсёды прыйсці на дапамогу Грузіі ў цяжкіх сітуацыях. "Нядаўна здарылася бяда ў вас у гарах (лясныя пажары). Ваш адзін званок - і мы адгукнуліся на гэту бяду. Нашы людзі заўсёды будуць узорам выканання свайго абавязку, на якой зямлі яны ні знаходзіліся б. Гэта яркі прыклад таго, што вы заўсёды можаце разлічваць на сваіх беларусаў. Вы заўсёды жаданыя госці ў нас у Беларусі", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Тэгі: Сустрэчы
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь